Сям'я з Віцебскай вобласці заняла другое месца ў праекце "Уладар сяла"
Шумна і весела ў гэтыя выхадныя дні ў Шклоўскім раёне – тут, у рамках афіцыйнай праграмы рэспубліканскага свята «Купалле» («Александрыя збірае сяброў») выбралі лепшую беларускую аграсям'ю. Як паведамілі ў абкаме БРСМ, сёлета праект прайшоў у 87 раёнах і аб'яднаў 447 сем'яў. За выхад у фінал у абласных турах змагаліся 98 сем'яў.
Цырымонія ўзнагароджання адбылася на малой сцэне рэспубліканскага свята «Купалле» («Александрыя збірае сяброў»). Кожная сям'я-фіналіст атрымала ад арганізатараў сертыфікат у памеры 80 базавых велічынь і каштоўныя падарункі.
Конкурсныя спаборніцтвы праходзілі на працягу двух дзён. За гэты час фіналісты прынялі ўдзел у дзесяці розных конкурсах - творчых, кулінарных, інтэлектуальных і жартаўлівым.
Так, першы дзень прайшоў на тэрыторыі шклоўскага Гарадскога парку культуры і адпачынку. У Год народнага адзінства фінал праекта стартаваў з працоўнай дабрачыннай акцыі «#ЗаДело!». Разам і дружна сем'і-фіналісты займаліся добраўпарадкаваннем плота Шклоўскай дзяржаўнай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннем зроку. Затым у парку разгарнулася вялікая праграма, якая ўключала конкурсы «Хлеб усяму галава» з прэзентацыяй караваяў уласнага вырабу, вельмі відовішчныя і самыя складаныя – «Дранікі на калодзе» і «Па дровы». Завяршылі праграму першага дня спаборніцтвы косцаў «Па газоне» сярод галоў сем'яў. Гаспадыні ж у гэты ж час праявілі свае творчыя здольнасці, ствараючы святочныя купальскія вянкі (конкурс «Купальскі вянок»).
Другі дзень спаборніцтваў адбыўся на адкрытай пляцоўцы рэспубліканскага свята «Купалле». Конкурс-прэзентацыя "Сямейны абрад", візітная картка "Дабро запрашаем да нас", а таксама інтэлектуальнае спаборніцтва «Наватарства свайго падворка» – далёка не ўвесь спіс выпрабаванняў, праз якія прайшлі канкурсанты. Акрамя таго, удзельнікі прайшлі жартаўлівую сельскую эстафету "Працуем у камандзе", у якой муж і жонка дэманстравалі майстэрства пяленання дзіцяці і хуткаснага кіравання тачкай, збіралі гародніну з заплюшчанымі вачыма, забівалі цвікі і нават малявалі карціны. Не менш відовішчным было завяршэнне гэтага этапу: муж дарыў сваёй другой палоўцы кветкі і на руках нёс да фінішу.
У абкаме БРСМ дадалі, што сельскагаспадарчы праект «Уладар сяла» — гэта выдатная магчымасць для маладых сем'яў, якія пражываюць у сельскай мясцовасці, паказаць свае таленты, расказаць пра сямейныя традыцыі і цікавыя захапленні, тым самым умацаваць сямейныя каштоўнасці і падняць прэстыж сельскагаспадарчых прафесій.
"Віцебскія весці". Фота з архіва "СБ".