Сям'я Саўчанка з найбольшым радаводам стала лепшай шматдзетнай сям'ёй Віцебска
5 мая на базе Палаца творчасці дзяцей і моладзі Віцебска адбыўся традыцыйны агляд-конкурс, прымеркаваны да Міжнароднага дня сем'яў (15 мая). Ён праходзіць штогод з 2012 года з мэтай павышэння прэстыжу і аўтарытэту шматдзетнай сям'і, умацавання яе адзінства, духоўных і маральных асноў, адраджэння і прапаганды сямейных каштоўнасцей і традыцый.
Сёлета ў мерапрыемстве прынялі ўдзел 6 шматдзетных сем'яў, у тым ліку муж і жонка Святлана і Ігар Чурсіны, у якіх шасцёра сваіх і адно прыёмнае дзіця. У астатніх удзельнікаў склад крыху менш шматлікі. Але пераможцы - Ганна і Сяргей Саўчанка і іх чацвёра дзяцей - вызначыліся тым, што ў іх з пакалення ў пакаленне сем'і былі шматдзетнымі. Таму ў каманды была самая вялікая група падтрымкі. Да таго ж самі ўдзельнікі выглядалі найбольш згуртаванымі, часткова дзякуючы пашытым мамай для ўсёй сям'і аднолькавым строям.
Усе шэсць каманд прадставілі свае візітныя карткі: гісторыю роду, сямейныя звычаі і традыцыі; прыкладное мастацтва - работы, зробленыя рукамі бацькоў і дзяцей. Таксама сем'і падрыхтавалі сацыяльна значны праект "Мая краіна - мая сям'я!" (прэзентацыя актыўнай жыццёвай пазіцыі членаў сям'і, захапленняў, поспехаў). У кожным з конкурсаў вызначаўся свой пераможца ў намінацыі. А па суме балаў былі выбраны ўладальнікі трох прызавых месцаў. Усіх удзельнікаў шчодра адарылі спонсары, а сям'я Саўчанка атрымала грашовую прэмію ад гарвыканкама.