Сям'я Хацкевіч з Віцебскай вобласці стала пераможцам конкурсу «Уладар сяла-2018»

Перамогу ў рэспубліканскім сельскагаспадарчым праекце «Уладар сяла», які прайшоў у Слуцку, атрымала сям'я з Віцебшчыны!

Мікалай і Інна Хацкевічы і іх сыны Аляксей і Аляксандр жывуць у вёсцы Вяжышча Бешанковіцкага раёна. Менавіта яны сталі пераможцамі абласнога этапу конкурсу, дзе з імі і пазнаёмілася журналіст «Віцьбічаў». Яшчэ тады Інна прызналася, што, як толькі ім прапанавалі прадстаўляць родны раён, сказала мужу: «Адчуваю, што паедзем на рэспубліку!». А ўжо пасля перамогі ў гутарцы з намі адзначыла, што баявы дух стаў яшчэ мацнейшы: «Падкарэктуем праграму, абновім дэкарацыі, ідэальна ўсё адрэпетуем і будзем перамагаць!».

Разам муж і жонка ўжо восьмы год. Пазнаёміліся на секцыі па баскетболе. Дарэчы, родам Інна з Віцебска, але за мужам на сяло паехала, не раздумваючы. Мікалай — фермер, аказвае паслугі насельніцтву па вырошчванні сельскагаспадарчай прадукцыі. Чэсны, добрасумленны і выканаўчы, як адгукаюцца пра яго аднавяскоўцы. У вольны час цікавіцца тэхнікай, рамеснай справай. Стары няспраўны трактар рукамі Мікалая працуе і выглядае, як новы. І другую палоўку мужчына навучыў з лёгкасцю кіраваць і аўтамабілем, і трактарам, і матацыклам. У гонар нараджэння першынца Аляксея Мікалай разам з бацькам збудаваў гіганцкія драўляныя арэлі з ажурнай разьбой — сапраўдны твор мастацтва. Змяшчаецца на іх уся сям'я. Унікальная канструкцыя стала мясцовай славутасцю, а праязджаючыя міма часта спыняюцца, просяць дазволу пакатацца і сфатаграфавацца. Хапае часу главе сямейства і на ўдзел у спартыўных, культурна-масавых мерапрыемствах і турыстычных злётах.


Інна — уважлівая і клапатлівая маці і жонка, а яе кулінарнымі здольнасцямі захапляюцца ўсе дамачадцы. Яна спявае ў вакальнай групе «Рэха» Задарожскага дома культуры. А не замерзнуць зімой сямейным дапамагаюць вязаныя мамай рэчы.

— У нас вялікая гаспадарка: цяляты, свінні, трусы, куры, гусі, індыкі, перапёлкі, агарод, — расказалі сужэнцы. — Спраўляемся, таму што ва ўсім падтрымліваем адно аднаго. Нават сыночкі, нягледзячы на ​​невялікі ўзрост, дапамагаюць. Ёсць яшчэ пяць сабак. Адна з іх — амерыканскі кокер-спаніэль Глорыя — нават была чэмпіёнкай Беларусі!

Сям'я Хацкевіч упэўнена, што перамаглі яны на рэспубліканскім конкурсе «Уладар сяла», дзякуючы вялікай любові адно да аднаго, а яшчэ — жаданню праславіць сваю малую радзіму. Дарэчы, два гады таму гэта ўдалося сям'і Сяргея і Юліі Адамовіч — таксама з Бешанковіцкага раёна.

"Віцьбічы". Здымка БелТА.