Сям'я Зубко з Віцебскай вобласці стала «Уладарамі сяла»

Вынікі рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта «Гаспадар сяла-2020» падвялі на свяце «Купалле» ў Александрыі.

Сям'я Зубко выйграла конкурс «Гаспадар сяла-2020». Нагадаем, у фінал адбяраліся шэсць сем'яў, якія прадстаўлялі ўсе рэгіёны Беларусі, але так атрымалася, што Наталля і Аляксандр Пракаповічы з Мінскай вобласці не змаглі прыехаць.

Астатнія пары і іх дзеці справіліся з конкурснымі заданнямі на выдатна. Спачатку яны творча прэзентавалі сябе, расказвалі пра сямейныя традыцыі і захапленні. Потым перайшлі да практыкі, дэманструючы сваю гаспадарчую спрытнасць.

Трэцяе месца ў конкурсе занялі Павел і Ала Скотнікавы з аграгарадка Александрыя Магілёўскай вобласці. Другімі сталі Анатоль і Кацярына Валюшкі з вёскі Гудзевічы Гродзенскай вобласці.

Трыумфатары «Гаспадара сяла» — Аляксандр і Алена Зубко з аграгарадка Юнькі Віцебскай вобласці. У конкурсе ўдзельнічалі і іх дочкі Ксенія і Сабіна.

- Наша сям'я лёгкая на пад'ём, таму на прапанову паспрабаваць свае сілы пагадзіліся адразу, — расказвае шчаслівая Алена. — У цэлым ні адно сённяшняе выпрабаванне не выклікала нейкіх складанасцей. Вельмі павесяліла, калі муж вазіў мяне ў тачцы – такога досведу ў нас яшчэ не было. Думаю, мы перамаглі дзякуючы сваёй з'яднанасці, вясёламу характару і адкрытасці. Больш бы было такіх конкурсаў. Яны вельмі патрыятычныя, дапамагаюць прыцягнуць увагу да сельскай мясцовасці, папулярызуюць вечныя каштоўнасці!

"СБ".