Семнаццаць наймальнікаў у Віцебскай вобласці не выплачвалі афіцыйна зарплату работнікам
27 кастрычніка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Падатковыя інспекцыі Віцебскай вобласці ў студзені-верасні выявілі 17 наймальнікаў, якія не выплачваюць заработную плату асобным сваім работнікам, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Віцебскай вобласці.
Падчас аператыўных праверак падаткавікі ўстанавілі, што ў бухгалтарскім уліку такіх суб'ектаў гаспадарання не адлюстроўваліся сумы заработнай платы работнікаў і, адпаведна, не вылічваўся падаходны падатак і не рабіліся адлічэнні ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Акрамя таго, на 36 прадпрыемствах работнікам выплачвалася афіцыйная зарплата ў памеры ніжэй за мінімальна гарантаваны пражытачны мінімум. Яшчэ 60 суб'ектаў прадпрымальніцкай дзейнасці выкарыстоўвалі практыку выплаты зарплат без афіцыйнага афармлення працоўных адносін з работнікамі, у тым ліку 80% з іх не адлюстроўвалі такія выплаты ў афіцыйным уліку. Усяго па гэтых фактах даналічана ў бюджэт больш за Br280 млн, у тым ліку каля Br74 млн адміністрацыйных штрафаў і пені.
Супрацоўнікі падатковых органаў выявілі таксама 58 прадпрымальнікаў, якія незаконна прыцягвалі да прадпрымальніцкай дзейнасці грамадзян, што не з'яўляюцца іх блізкімі сваякамі. Усяго па рашэнні гаспадарчага суда вобласці да адміністрацыйнай адказнасці за гэта правапарушэнне прыцягнуты 43 прадпрымальнікі, памер штрафных санкцый склаў амаль Br30 млн. У даход дзяржавы канфіскаваны незаконна атрыманы даход ад такой дзейнасці ў памеры звыш Br200 млн.-0-