Сямнаццаць прадпрыемстваў і арганізацый занесены на Дошку гонару Віцебскай вобласці па выніках 2010 года
29 красавіка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Дзякуючы працавітасці, гаспадарлівасці, адукаванасці і прафесіяналізму грамадзян Віцебская вобласць захоўвае станоўчую дынаміку сацыяльна-эканамічнага развіцця, нягледзячы на жорсткія ўмовы рынку. Аб гэтым заявіў першы намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Навацкі сёння на ўрачыстай цырымоніі занясення на Дошку гонару Віцебскай вобласці і Дошку гонару Віцебска пераможцаў спаборніцтва па выніках 2010 года, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Дынаміка развіцця забяспечваецца дзякуючы паслядоўнаму ажыццяўленню праграмы, адобранай на 4-м Усебеларускім народным сходзе, падкрэсліў Уладзімір Навацкі. Так, за студзень-сакавік вобласць выканала заданне па валавым рэгіянальным прадукце на 109,2%, рэнтабельнасць продажаў у сельскагаспадарчых арганізацыях склалася на ўзроўні 6%, мэтавы паказчык па энергазберажэнні склаў мінус 7,9% пры заданні мінус 6%. Аб'ёмы будаўніцтва жылля выраслі амаль на 25% у параўнанні з першым кварталам 2010 года, уведзена ў эксплуатацыю каля 133,4 тыс.кв.м жылой плошчы. Колькасць занятага ў эканоміцы насельніцтва павялічылася амаль на 5 тыс. і склала ў студзені-сакавіку больш за 570 тыс. чалавек.
"Сёння як ніколі важнае значэнне набывае ўкараненне сучасных тэхналогій, найноўшага абсталявання, што немагчыма без ведаў і навыкаў чалавека працы", - упэўнены Уладзімір Навацкі. На яго думку, сімвалічным з'яўляецца той факт, што мерапрыемства праходзіць у Год прадпрымальнасці. Рэалізацыя пастаўленых у гэты год задач дазваляе шукаць новыя крыніцы эканамічнага росту і павышэння дабрабыту за кошт развіцця творчага патэнцыялу чалавека, пошуку новых ідэй і тэхналогій. Ушаноўваючы перадавікоў, вобласць аддае даніну павагі найбольш аўтарытэтным калектывам і працаўнікам, якія задаюць добры тэмп работы усяму народна-гаспадарчаму комплексу Прыдзвінскага краю, падкрэсліў Уладзімір Навацкі.
На Дошку гонару Віцебскай вобласці занесена 17 прадпрыемстваў і арганізацый: ПРУП "Віцебскаблгаз", РУПДП "Бегамльскі завод "Ветразь", ПРУП "Аршанскі доследны механічны завод "Металіст", СААТ "ЛЛК-НАФТАН", ТАА "Юджэн", Віцебскі філіял РУП "Белтэлекам", ЗАТ "Вулкан", ААТ "Базіс-Наваполацк", ААТ "Полацкбыт", ААТ "Віцебскі Рассвет", ААТ "Аб'яднанне "Лотос", Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт, гімназія №1 г.Віцебска, Беларускі тэатр "Лялька", рэдакцыя віцебскіх гарадскіх газет "Віцьбічы" і "Вечерний Витебск", Віцебская дзяржаўная спецыялізаваная дзіцяча-юнацкая спартыўная школа алімпійскага рэзерву № 2, Лепельская цэнтральная раённая бальніца. Пераможцамі спаборніцтва ў абласным цэнтры прызнана 20 прадпрыемстваў і арганізацый.
Усім пераможцам уручаны ганаровыя пасведчанні аб занясенні на Дошку гонару, калектывы таксама заахвочаны грашовымі прэміямі ў памеры 100 базавых велічынь. Акрамя таго, прадстаўнікі гэтых прадпрыемстваў і арганізацый запрошаны сёння на ўрачысты сход і святочны канцэрт, прысвечаныя Святу працы, у Віцебскую абласную філармонію.-0-