Сенна рыхтуецца да абласных «Дажынак-2016»
Новы загс, фантана, музей баявой тэхнікі пад адкрытым небам — толькі частка аб'ектаў, якія плануюць адкрыць у райцэнтры да правядзення аграфесту.
Гатоўнасць аб'ектаў ацэньваецца на 70 працэнтаў. Рэканструкцыя і будаўніцтва ў Сенне вядуцца з некалькіх крыніц фінансавання: рэспубліканскага, абласнога і раённага бюджэтаў. Некаторыя аб'екты абнаўляюцца за кошт уласных сродкаў прадпрыемстваў і арганізацый, за кошт абласной інвестыцыйнай праграмы.
На будоўлі, рамонце і добраўпарадкаванні тут штодзённа задзейнічаны ад 600 да 800 чалавек з сарака арганізацый і прадпрыемстваў.
Увесь ход работ пастаянна кантралюецца не толькі мясцовым кіраўніцтвам, але і абласным. Штотыдзень праходзіць пасяджэнне членаў штаба, складаюцца пратаколы даручэнняў. У мінулую сераду пад кіраўніцтвам намесніка старшыні аблвыканкама Уладзіміра Белоуса адбыўся чарговы штаб. Удзел прынялі кіраўнікі прадпрыемстваў і аб'яднанняў, упраўленняў і службаў аблвыканкама, а таксама прадстаўнікі раённых структур на чале са старшынёй райвыканкама Васілём Чэрэднікам. Працоўная група пабывала на асноўных аб'ектах, дзе вядуцца будаўнічыя і рамонтныя работы. Вынікі былі прааналізаваны ў райвыканкаме. Не выпускалася нічога, бо падобныя фестывалі праводзяцца не дзеля свята, а каб даць новы імпульс сацыяльна-эканамічнаму развіццю рэгіёна.
Ацэньваючы сітуацыю на будаўнічых пляцоўках, Уладзімір Мікалаевіч адзначыў, што ўсе работы павінны быць завершаны да канца жніўня, паколькі само урачыстасць запланавана на сярэдзіну верасня. Крыху менш за два тыдні даецца рабочым на тое, каб завяршыць пачатае. Будаўнікі запэўніваюць, што паспеюць: усё ідзе па графіку. Падходзяць да канца работы на аб'ектах культуры, завяршаецца рэканструкцыя школ. Актыўна рамантуюцца дарогі. Практычна скончаны рамонтныя работы на аб'ектах
гандлю і грамадскага харчавання. У той жа час нямала трэба выканаць яшчэ на гарадскім стадыёне. Тут плануецца разбіць роўны газон для футбольнага поля, абуладкаваць трыбуны і ўкласці дарожкі для лёгкаатлетаў. Побач са стадыёнам актыўна вядзецца рэканструкцыя спартыўнага комплексу. Як адзначаюць спецыялісты, пасля правядзення цепларэнавацыі, устаноўкі аўтаномнай сістэмы ацяплення ў ім можна будзе трэніравацца нават зімой. Паступова папаўняецца фонд музея пад адкрытым небам ваеннай тэхнікай. Дзякуючы садзейнічанню Міністэрства абароны ў парку Трох Герояў ужо ўстаноўлены самаходная артылерыйская ўстаноўка, гаўбіца, гарматы, баявая машына пяхоты і два самалёты — Су-24 і Су-27. Побач, у цэнтральным скверы, будзе абноўлена алея Герояў, якую ўпрыгожаць партрэты знакамітых воінаў-землякоў — Герояў Савецкага Саюза, сярод якіх Пётр Машэраў і Аляксандр Гаравец. Пасля рэканструкцыі і добраўпарадкавання змянілася цэнтральная плошча, сквер побач з ёй, вуліца Савецкая стала пешаходнай. Прадугледжана замена сістэмы вулічнага асвятлення, падсветкі будынкаў, парка і сквера.Асноўны фронт работ выкананы, але маюцца некаторыя недапрацоўкі па рамонце і добраўпарадкаванні жылфонду, па будаўніцтве фантана і навядзенні належнага парадку і наданні бляску аб'ектам города ў цэлым.
26 жніўня плануецца ўрачыстае адкрыццё Палаца шлюбавання. Спыніць узы Гіменея ў новым ЗАГСе ахвотных ужо хапае.
Добраўпарадкаваць горад дапамагаюць і мясцовыя жыхары. Шмат хто з іх задзейнічаны ў грамадскіх работах па добраўпарадкаванні набярэжнай возера Сяненскае. Гэта месца з прыстанню і альтанкай стане яшчэ адной візітнай карткай раённага цэнтра, што дазволіць сяненцам ганарыцца сваім городом, культурай, помнікамі, традыцыямі, а цяперашняя сталіца «Дажынак» будзе не горш, чым папярэдняя.
Вольга МЫСЛІЦКАЯ, фота аўтара. «Віцьбічы».