Сенна рыхтуецца да абласных «Дажынак-2016». На палове аб'ектаў гатоўнасць складае больш за 50%

Работы ў сталіцы «Дажынак-2016» вядуцца ў планавым рэжыме. Карэспандэнт «ВВ» прыняў удзел у штотыднёвым пасяджэнні штаба па падрыхтоўцы да свята.

На палове аб'ектаў гатоўнасць складае больш за 50%. Вымалёўваецца агульная архітэктурная кампазіцыя цэнтральнай плошчы і парку. Рамантуюцца жылыя дамы, гандлёвыя кропкі, вытворчыя, адміністрацыйныя і сацыяльныя аб'екты, добраўпарадкаваюцца вуліцы. Як паведаміў старшыня камітэта па архітэктуры і будаўніцтве аблвыканкама Ігар Ісачэнка, штодня ў Сенна працуюць каля 650 чалавек з розных арганізацый. У цэлым на будаўніцтва і рэканструкцыю з усіх крыніц фінансавання прадугледжана каля 170 млрд руб. (да дэнамінацыі), у асноўным гэта грошы абласнога і мясцовага бюджэтаў, уласныя сродкі прадпрыемстваў. Ігар Ісачэнка адзначыў, што арганізацыя работ вядзецца на належным узроўні, чаму спрыяла загадзя падрыхтоўка. Напрыклад, да пачатку мая была распрацавана практычна ўся праектна-каштарысная дакументацыя. Сёння няма праблем з фінансаваннем, усе плацежныя даручэнні аплачваюцца без затрымак.

На апошняй сесіі абласнога Савета дэпутатаў выдзелена яшчэ 7 млрд руб. на адзін з самых буйных аб'ектаў – фізкультурна-аздараўленчы комплекс. Генпадрадчыку трэба будзе завяршыць будаўніцтва фака з кацельняй і адпаведнымі камунікацыямі. Калі сродкі застануцца, іх накіруюць на рэканструкцыю трыбун і бегавых дарожак на суседнім стадыёне (сама рэканструкцыя там запланавана пасля «Дажынак»). Усяго на новы будынак фака выдзелена каля 14 млрд руб.

У Сенна капітальна рамантуецца 31 жылы дом, дзесяць з якіх прыпадаюць на будаўнічае падраздзяленне Сенненскай ЖКГ. Як расказаў дырэктар прадпрыемства Аляксандр Арцюх, работы вядуцца гаспадарчым спосабам. Чатыры дома ўжо здадзены, што дазволіла перавыканаць паўгадавое заданне. Паралельна праводзіцца бягучы рамонт жылля. Напярэдадні быў складзены спіс праблемных дамоў па цяпле,

вадазабеспячэнню, электраабсталяванню. У будаўнічай брыгадзе Сенненскага ЖКГ 45 чалавек. Гаспадарчы спосаб дае магчымасць эканоміць значныя сродкі, якія будуць накіроўвацца на іншыя патрэбы.

Сяргей Ляшук, фота аўтара. «Віцебскія вясці».