Сербскі Крушавац стаў 20-м горадам-пабрацімам Наваполацка
У Наваполацка з'явіўся 20-ы горад-пабрацім - сербскі Крушавац, паведамілі ў Наваполацкім гарвыканкаме.
Кантакты на ўзроўні кіраўніцтва гарадоў завязаліся яшчэ некалькі гадоў таму на эканамічным форуме, з таго часу адбыўся шэраг абменаў дэлегацыямі. Вынікам стала падпісанне сёння паміж мэрмі адпаведнага пагаднення аб партнёрстве і дружбе, якое прадугледжвае ўсебаковае супрацоўніцтва. Крушавац 28 чэрвеня святкуе Дзень горада, таму падпісанне дакумента стала своеасаблівым падарункам для яго жыхароў. Як адзначыў старшыня Наваполацкага гарвыканкама Дзмітрый Дземідаў, будуць актыўна наладжвацца дзелавыя кантакты паміж прадпрыемствамі і арганізацыямі двух гарадоў у нафтавай сферы, лёгкай прамысловасці і іншых абласцях. Таксама вялікія перспектывы бакі бачаць у сферы турызму, культуры і адукацыі. Ужо сёння дасягнуты дамоўленасці аб арганізацыі ўзаемных студэнцкіх стажыровак і абмену групамі школьнікаў і навучэнцаў. Дэлегацыя Крушаваца на чале з мэрам Драгі Нестаравічам прыбыла ў Наваполацк напярэдадні ўвечары і прабудзе да 29 чэрвеня. Сёння ў праграме наведванне Музея гісторыі і культуры Наваполацка, тэрытарыяльнага цэнтра сацабслугоўвання насельніцтва і цэнтральнай гарбальніцы, ААТ "Нафтан" і яго прафілакторыя, ТАА "Любава ЛІС", завода "Палімір". 29 чэрвеня дэлегацыю чакаюць у гарадскім пасёлку Бараўляны, дзе госці наведаюць прадпрыемствы і вучылішча алімпійскага рэзерву.
Кацярына Князева - БЕЛТА.