Сяргей Бароўскі прызначаны галоўным трэнерам футбольнага клуба "Віцебск"
24 снежня, Мінск /Сяргей Вішнеўскі - БЕЛТА/. Вядомы ў мінулым беларускі футбаліст і былы настаўнік футбольнай зборнай Беларусі Сяргей Бароўскі прызначаны галоўным трэнерам "Віцебска", паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Як інфармуе афіцыйны сайт ФК "Віцебск", асістэнтам Бароўскага будзе Алег Дулуб. Гэтыя пасады заставаліся вакантнымі пасля таго, як 6 снежня скончыліся тэрміны дзеяння кантрактаў у стырнавога Юрыя Канаплёва і яго памочніка Сяргея Вехцева. Пад іх кіраўніцтвам у чэмпіянаце краіны віцебская каманда заняла 9-е месца сярод 12 удзельнікаў і не без цяжкасцей захавала прапіску ў вышэйшай лізе. Новыя пагадненні спецыялістам не прапанавалі.
У мінулым чэмпіянаце Беларусі Сяргей Бароўскі ўзначальваў мінскі СКВІЧ, з якім заняў 2-е месца ў другім па рангу дывізіёне. У пераходных матчах за права гуляць у вышэйшай лізе СКВІЧ па суме двух паядынкаў саступіў жодзінскаму "Тарпеда" (1:3 дома і 0:0 у гасцях).
Сяргей Бароўскі нарадзіўся 29 студзеня 1956 года ў Мінску і з'яўляецца выхаванцам сталічнай СДЮШАР-5 (першы трэнер - Леанід Лапуноў). На працягу ўсёй гульнявой кар'еры абаронца выступаў за мінскае "Дынама" (1972-1987), у складзе якога стаў чэмпіёнам СССР (1982) і бронзавым прызёрам (1983). Фіналіст Кубка СССР (1987). За дынамаўскую дружыну ў чэмпіянатах СССР згуляў 400 матчаў (у вышэйшай лізе - 270 сустрэч). З'яўляўся капітанам каманды ў 1984-1985 гадах. У складзе зборнай СССР з 1981 па 1985 год правёў 21 матч. Удзельнік чэмпіянату свету 1982 года. Майстар спорту СССР (1979), майстар спорту міжнароднага класа (1981).
Трэнерскую кар'еру Сяргей Бароўскі пачаў у 1989 годзе. Узначальваў беларускія клубы "Металург" (Маладзечна) (1989-1994), "Тарпеда-МАЗ" (Мінск) (2000-2003), "Белшына" (Бабруйск) (2004), "Дынама" (Брэст) (2005-2006), "Тарпеда" (Жодзіна) (2008), СКВІЧ (Мінск) (2009-2010), а таксама латвійскі "Вентспілс" (1997-1998), малдаўскі "Шэрыф" (1998-1999) літоўскія "Каўнас" (2003) і "Ветру" (2005), украінскі "Металург" (Запарожжа) (2004). Два разы ўзначальваў нацыянальную зборную Беларусі (1994-1997 і 1999-2000). Уладальнік Кубка Малдовы (1999), чэмпіён Літвы (2003). 12 снежня 2010 года атрымаў трэнерскую ліцэнзію PRO.
Памочнік Бароўскага 45-гадовы Алег Дулуб у мінулым сезоне ўваходзіў у трэнерскі штаб "Мінска", які стаў бронзавым прызёрам нацыянальнага першынства. Пасля завяршэння сезона Дулуб быў адным з кандыдатаў на пост галоўнага трэнера мінскага "Дынама", але ў выніку ўладальнік "бела-блакітных" Юрый Чыж аддаў перавагу запрасіць расійскага спецыяліста Алега Васіленку.
ФК "Віцебск" адновіць трэніроўкі 10 студзеня, калі гульцы выйдуць з адпачынку. У гэты ж дзень коменде будзе прадстаўлены новы трэнерскі штаб.-0-