Сяргей Чэпік прызначаны старшынёй Пастаўскага райвыканкама

У мінулую суботу, 13 траўня, Пастаўскі раённы Савет дэпутатаў на пазачарговай 34-й сесіі зацвердзіў старшынёй раённага выканаўчага камітэта Сяргея Чэпіка, які да гэтага працаваў першым намеснікам старшыні — начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама.

 

Кадравае прызначэнне сімвалічна тым, што кіраўніком раёна стаў сын чалавека, які 13 гадоў (з 1987-га па 2000-ы) аддаў працы на Пастаўшчыне. Васіль Васільевіч Чэпік быў першым сакратаром райкама партыі, старшынёй раённага Савета дэпутатаў, а з 1994 года па 30 студзеня 2000-га (дня трагічнай гібелі ў аўтааварыі) — старшынёй райвыканкама і вельмі многае зрабіў для развіцця раёна.

Няма сумненняў у тым, што сын годна прыме эстафету, перададзеную яму. Пра гэта гаварылі і старшыня аблвыканкама Мікалай Шарстнёў, і дэпутаты раённага Савета. А таксама дзякавалі за працу Віктара Гутарава, які падаў заяву аб вызваленні ад абавязкаў старшыні Пастаўскага райвыканкама ў сувязі з выбраннем яго старшынёй абкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу.

Кіраўнік вобласці, прадстаўляючы новага старшыню райвыканкама, падкрэсліў, што Пастаўскі раён ніколі не быў слабым, што тут маецца добры кадравы склад, але зрабіць трэба яшчэ многае. Галоўная задача — папаўненне бюджэту ўласнымі сродкамі, а для гэтага неабходна ў два разы павялічыць вытворчасць прадукцыі, значна знізіць затраты. Стаўку ў першую чаргу неабходна рабіць на развіццё сельскагаспадарчай галіны, стварэнне інтэграцыйных структур. Перспектыўна і развіццё малога і сярэдняга бізнесу. Задачы ачерчаны, каманда аднадумцаў маецца. Такім чынам, і вынікаў быць!

Фаіна КАСАТКІНА. Фота Людмілы ЗЯЛЕНКЕВІЧ. «Пастаўскі край».