Сяргей Ягораў зацверджаны на пасадзе старшыні Віцебскага райвыканкама
У рабоце сесіі прыняў удзел старшыня Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксандр Субоцін.
Намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення арганізацыйна-кадравай работы аблвыканкама Уладзімір Давыдоўскі адзначыў, што Генадзь Сабыніч, які раней працаваў на пасадзе старшыні Віцебскага райвыканкама, з гонарам справіўся з ускладзенай на яго задачай. У прыватнасці, за час яго працы Віцебскі раён трывала замацаваўся ў ліку перадавых сярод рэгіёнаў вобласці. За апошнія гады ён пераўтварыўся, тут значна ўмацавалі свае пазіцыі такія буйныя прадпрыемствы, як Віцебская бройлерная птушкафабрыка, «БелВітуніфарм», «Мазалавагаз», што дазволіла вырашыць праблему працаўладкавання насельніцтва, а таксама дасягнуць высокіх эканамічных паказчыкаў. У аграгарадках актыўна будуецца жыллё, з'яўляюцца новыя сацыяльныя аб'екты і вытворчасці, мадэрнізуюцца наяўныя магутнасці, рэалізуецца шэраг інвестыцыйных праектаў. Так, за апошнія гады завершаны будаўніцтва камбікормавага завода, цэха забою і перапрацоўкі буйной рагатай жывёлы, цэха забою і перапрацоўкі мяса птушкі на Віцебскай бройлернай птушкафабрыцы, будаўніцтва Віцебскай ГЭС, смеццесартавальнага завода, устаноўка лініі па вытворчасці дзіцячага харчавання ў ТАА «Белфуд Прадакшн», мадэрнізацыя па вытворчасці панчошна-шкарпэткавых вырабаў фабрыкі «Васіліна». Мэтава праводзіцца работа па павышэнні эфектыўнасці сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі: уведзена ў эксплуатацыю 21 станцыя абезжалезвання, выкананы работы па мадэрнізацыі дзевяці артэзіянскіх свідравін, што дазволіла забяспечыць насельніцтва цэнтралізаванымі сістэмамі водазабеспячэння на ўзроўні 98 %. Усе гэтыя поспехі былі б немагчымыя без зладжанай працы каманды прафесіяналаў, кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый рэгіёну. Для жыхароў раёна зроблена нямала, разам з тым неабходна звярнуць увагу на выкананне асноўных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця і паляпшэнне сітуацыі ў арганізацыях аграпрамысловага комплексу раёна. Як падкрэсліў кіраўнік дзяржавы пры ўзгадненні прызначэння Сяргея Ягорава, перад новым кіраўніком стаіць няпростая задача – вывесці Віцебскі раён на ўзровень перадавых у краіне. Найбліжэйшы арыенцір, на які трэба раўняцца, – гэта Аршанскі раён.
Як было адзначана, працуючы на кіруючых пасадах, Сяргей Ягораў зарэкамендаваў сябе прынцыповым, ініцыятыўным кіраўніком, які валодае добрымі арганізатарскімі здольнасцямі, аналітычным мысленнем, глыбокімі ведамі сельскагаспадарчай вытворчасці, валодае сучаснымі метадамі кіравання, бачыць перспектыву і шляхі дасягнення пастаўленых задач. Падчас працы на пасадзе старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама пад яго кіраўніцтвам была аптымізавана структура пасяўных плошчаў сельскагаспадарчых культур Віцебшчыны, што дазволіла павысіць эфектыўнасць галіны раслінаводства. Станоўчая дынаміка назіраецца ў свінагадоўлі, павялічваецца сярэдні надой малака ад каровы, працягваюцца абнаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы аграпрамысловага комплексу вобласці, парку сельскагаспадарчай тэхнікі, будаўніцтва і рэканструкцыя ферм з пераходам на сучасныя спосабы ўтрымання жывёлы. Нямала важна, што ён добра ведае спецыфіку развіцця Віцебскага раёна, валодае практычнымі навыкамі працы ў дзяржаўных органах і рэальным сектары эканомікі.
У ходзе адкрытага галасавання дэпутаты аднагалосна зацвердзілі Сяргея Ягорава на пасадзе старшыні Віцебскага раённага выканаўчага камітэта. Аляксандр Субоцін пажадаў новаму кіраўніку поспехаў, падкрэсліўшы, што працы трэба яшчэ шмат, і ўручыў службовае пасведчанне.
– Віцебскі раён даволі няпросты. Задача – не рабіць стаўку на адно сяло, неабходна сінхранізаваць усе прадпрыемствы, каб стварыць канкурэнцыю і вывесці рэгіён у лік лепшых не толькі ў вобласці, але і ў рэспубліцы, – адзначыў кіраўнік вобласці.
Сяргей Ягораў нарадзіўся ў 1978 годзе ў вёсцы Ліёзна. Скончыў Віцебскую дзяржаўную акадэмію ветэрынарнай медыцыны. Працоўную дзейнасць пачынаў галоўным ветурачом калгаса «Савецкая Беларусь» Лёзненскага раёна. Працаваў ветэрынарным урачом-тэрапеўтам Лёзненскай раённай ветэрынарнай станцыі. Кіраваў ААТ «Новая Дубрава-Агра». У 2010 годзе скончыў Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. У 2012–2015 гг. – першы намеснік – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Лёзненскага райвыканкама. Затым на працягу чатырох гадоў узначальваў Талачынскі райвыканкам. Да прызначэння на пасаду старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама працаваў намеснікам генеральнага дырэктара па жывёлагадоўлі і ветэрынарыі ААТ «Віцебскі мясакамбінат».
"Віцебскія весці"