Сяргей Леўковіч правёў асабісты прыём грамадзян у Талачыне
За садзейнічаннем у вырашэнні праблем да яго звярнуліся трое жыхароў рэгіёну. Нягледзячы на тое, што ўсе пытанні маюць прыватны характар, але яны ўздымаюць актуальныя для некаторых слаёў насельніцтва альбо характэрныя для мясцовасці праблемы.
Прыбраць самавольна абсталяваныя агароды каля шматкватэрнага дома па вул. Нарчука запатрабавала адна з жыхарак райцэнтра. Пенсіянерка хоча бачыць пад вокнамі добраўпарадкаваныя газоны і не чуць старонніх шумоў. Характэрна, што агароды, якія былі незаконна разбіты яшчэ ў савецкія гады, не замінаюць праезду спецтэхнікі, не псуюць знешні выгляд прыдамавой тэрыторыі, утрымліваюцца ў парадку. А некалькі гадоў таму жыльцы дома за ўласныя грошы набылі і ўсталявалі металічнае агароджу. Некаторыя агароднікі таксама прыйшлі на прыём да Сяргея Ляўковіча, каб расказаць пра тое, як важна пенсіянерам мець магчымасць працаваць на градках. Аднак закон ёсць закон. Жыльцам дома будуць прапанаваны іншыя зямельныя ўчасткі. Альбо кампраміс па дамоўленасці з заяўніцай – прыбраць градкі і агароджу непасрэдна пад яе вокнамі.
Адзін з жыхароў Талачына паскардзіўся на немагчымасць набыцця пустуючай фермы за адну базавую велічыню і атрымання зямельнага ўчастка ў 84 га пад асабістую падсобную гаспадарку. Пры гэтым заявы ў райвыканкам на арганізацыю сялянска-фермерскай гаспадаркі ад грамадзяніна да гэтага часу так і не паступіла. А гэта, па словах начальніка аддзела землеўпарадкавання Талачынскага райвыканкама Валянціны Крывецкай, першы крок, які павінен быў зрабіць зваротнік.
– Уласнік фермы – ААТ «Талачынскі райаграсэрвіс». Зямля таксама прадастаўлена прадпрыемству ў пастаяннае карыстанне для вядзення таварнай сельскай гаспадаркі. Цяпер яна выкарыстоўваецца пад шматгадовыя травы, – растлумачыла сітуацыю Валянціна Крывецкая. – Сабралася камісія, якая дала ўсе тлумачэнні заяўніку. Касаемо пакупкі нерухомай маёмасці ён павінен вырашаць пытанне з гаспадарчым таварыствам. І ў дадзены момант уласнік рыхтуе дакументы на продаж фермы з аўкцыёну, у якім заяўнік таксама можа прыняць удзел. Зямля (84 га), можа быць прадастаўлена толькі па рашэнні райвыканкама са згоды цяперашняга землекарыстальніка тады, калі будзе арганізавана сялянска-фермерская гаспадарка. Таму першы крок – гэта арганізацыя СФГ на пэўным участку з указаннем месцазнаходжання і прадастаўленнем праграмы развіцця з абгрунтаваннем. Узор заявы і парадак дзеянняў былі грамадзяніну прадастаўлены. Пакуль такой заявы ад асобы, якая звярнулася на прыём, не паступала.
Сяргей Ляўковіч абазначыў, што прыёмы грамадзян на месцах – надзвычай эфектыўны спосаб працы з насельніцтвам.
– Сёння кожны грамадзянін можа прыйсці да кіраўніка любога ўзроўню, парламентарыя, задаць пытанні, якія цікавяць. За рэдкім выключэннем усе звароты грамадзян разглядаюцца аператыўна і прадметна. Нягледзячы на тое, што іх нямала, – падкрэсліў памочнік Прэзідэнта. – Характэрна, што ёсць тэндэнцыя да скарачэння зваротаў грамадзян. Я бачу, што па цэлым шэрагу напрамкаў, як правіла, гэта ЖКГ, якасць дарог, гандлёвае абслугоўванне, пытанняў стала значна менш. Крытычных сітуацый на сённяшні дзень у зваротах я не бачу. Яны менш складаныя, не патрабуюць глабальных рашэнняў. Але па некаторых напрамках, напрыклад капітальны рамонт жылля, інфармаванне грамадзян па тых ці іншых пытаннях, нам яшчэ ёсць над чым працаваць.
Аналізуючы звароты, якія паступілі падчас прыёму грамадзян у Талачыне, Сяргей Ляўковіч падкрэсліў, што ўсё павінна быць у адпаведнасці з заканадаўствам і ў інтарэсах людзей.
– Калі браць першае пытанне – нібыта па законе заяўніца мае права. Але ёсць іншы бок пытання, дзе зацікаўлена большая колькасць людзей. Прычым пенсійнага ўзросту, якія на працягу дзесяцігоддзяў займаюцца агародніцтвам на прыдамавой тэрыторыі. Мясцовае кіраўніцтва спрабуе знайсці кампраміс, каб задаволіць інтарэсы двух бакоў, – сказаў памочнік Прэзідэнта. – Што тычыцца фермерскіх гаспадарак, у нас у краіне на ўзроўні дзяржавы яны падтрымліваюцца. Існуюць механізмы, каб фермерам выдзялялася зямля, для гэтага няма перашкод. Але пры ўмове, што гэтая зямля будзе выкарыстоўвацца эфектыўна. Перад тым як атрымаць яе, чалавек павінен дакладна разумець свае магчымасці і пралічваць вынік гаспадарання.