Сяргей Леўковіч правёў асабісты прыём грамадзян у Віцебску

Сергей Левкович провел личный прием граждан в Витебске
Памочнік Прэзідэнта – інспектар па Віцебскай вобласці Сяргей Леўковіч правёў у аблвыканкаме асабісты прыём грамадзян.

З хвалюючымі праблемамі, скаргамі на бяздзейнасць адказных службаў, нязгодай з прынятымі рашэннямі і асабістымі пытаннямі звярнуліся жыхары паўночнага рэгіёну да памочніка Прэзідэнта – інспектара па Віцебскай вобласці Сяргея Леўковіча.

Так, на працягу года жыльцы дома № 59 на вуліцы Леніна змагаюцца з затапленнем склепа каналізацыяй. Перыядычна пах фекаліяў адчуваецца пры падыходзе да пад'езда. Людзі тэлефануюць у службу «115», у ЖЭС-1, выклікаюць аварыйную службу. Некаторыя работы праводзяцца, але праблема не вырашаецца. З аналагічнай скаргай звярталіся да памочніка прэзідэнта і жыльцы суседзкага дома – № 61. Сяргей Леўковіч даручыў гарадскім уладам разабрацца з гэтым пытаннем грунтоўна.

– Не раз да мяне звярталіся з нагоды затаплення скляпоў у розных раёнах абласнога цэнтра. Неабходна прыняць сур'ёзныя меры, каб выключыць такія скаргі, – адзначыў памочнік Прэзідэнта.

Старшыня Віцебскага гарвыканкама Аляксей Героеў растлумачыў, што з гэтага года будзе рэалізавана праграма «Склепы». У яе ўключаны 70 дамоў, на работы выдзелена 3 млн.

Актуальную тэму ўзняў індывідуальны прадпрымальнік Андрэй Абрамовіч.

– Мы з 2019 года правялі добраўпарадкаванне пляжу на возеры Палонскае ў Віцебскім раёне. Ачысцілі дно. Прадастаўляем розныя паслугі: арэнду альтанак, катанне на «бананах». Для дзяцей мясцовай школы нашы паслугі бясплатныя. Шмат людзей прыязджае сюды на адпачынак. У цёплыя дні на пляжы збіраецца больш за тысячу чалавек. Гэта дадзеныя ОСВАД, які ўстанавіў свой пункт. А цяпер возера хочуць аддаць у арэнду, зрабіць платным уваход і прысвоіць усё, што зроблена намі за сем гадоў, – распавёў прадпрымальнік.

– Перыядычна ўсплывае тэма арэнды азёр. На мой погляд, у гэтым пытанні мясцовым органам улады трэба з розных бакоў вывучаць сітуацыю і кіравацца інтарэсамі грамадзян, якія пражываюць у бліжэйшых населеных пунктах. Не бачу неабходнасці перадачы возера Полонскае ў арэнду. Там усё добраўпарадкавана, пляж падтрымліваецца ў добрым стане, берагавая лінія акультурана, – выказаў сваё меркаванне Сяргей Леўковіч.

Аналізуючы ўсе звароты, памочнік Прэзідэнта падвёў вынік, што цалкам задаволіць патрэбы грамадзян, якія да яго звярнуліся, немагчыма. Некаторыя ўжо прайшлі судовыя інстанцыі, атрымалі адказы з пракуратуры. Гэта значыць, што дадзеныя пытанні ўжо дастаткова сур'ёзна прапрацаваны.

– Але разам з тым, прынята рашэнне дадаткова вывучыць узнятыя праблемы і максімальна дапамагчы грамадзянам, пры гэтым не закранаючы інтарэсы іншых людзей. Былі звароты, звязаныя з ЖКГ. Відаць, што сістэмная праца ў гэтым напрамку пачата, выдзелены пэўныя сродкі на рамонт інжынерных сетак жылых дамоў. У вырашэнні любых пытанняў трэба кіравацца інтарэсамі людзей, – падкрэсліў Сяргей Леўковіч.

"Віцебскія весці"