Сяргей Садоўскі зацверджаны на пасадзе старшыні Ушацкага райвыканкама
Сяргея Садоўскага добра ведаюць на Ушаччыне. Раней ён займаў пасаду першага намесніка старшыні – начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама. У яго кампетэнцыі знаходзіліся пытанні харчовых рэсурсаў, вытворчасці і перапрацоўкі сельскагаспадарчай прадукцыі, лясной гаспадаркі, зямельных адносін, геадэзіі і картаграфіі, гідраметэаралогіі, прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, шэфскай дапамогі сельскагаспадарчым арганізацыям, развіцця рыбнай галіны ў рэгіёне.
– Ушацкі раён – сельскагаспадарчы, таму прынята рашэнне, што яго ўзначаліць чалавек, кампетэнтны ў гэтых пытаннях, – падкрэсліў Уладзімір Церанцьеў.

Пакуль жа, як адзначыў кіраўнік дэпутацкага корпуса вобласці, вынікі працы АПК рэгіёна не радуюць. На Ушаччыне самыя нізкія ў Прыдзвінне надоі малака, ураджайнасць збожжавых, інвестыцыйная актыўнасць. І гэта пры тым, што 70% выручкі складае сельскагаспадарчая прадукцыя. На 11% за пяць апошніх гадоў знізілася колькасць эканамічна занятага насельніцтва. Па сацыяльна-эканамічным развіцці раён унесены ў пералік адстаючых.
Перад новым кіраўніком пастаўлена задача ўдвая павялічыць сельгасвытворчасць. І гэта рэальная задача. У гэтым напрамку ўжо робяцца пэўныя крокі – мадэрнізуюцца жывёлагадоўчыя комплексы, развіваюцца фермерскія гаспадаркі.
– Мая праца будзе грунтавацца на прынцыпах законнасці, справядлівасці і сумленнасці, накіравана на дабро людзей, інтарэсы прадпрыемстваў з мэтай развіцця Ушацкага раёна. Будуць працягнуты рэфармаванне сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, прыцягненне інвестыцый і рэалізацыя інвестпраектаў. Не застанецца па-за ўвагай добраўпарадкаванне гарадскога пасёлка і іншых населеных пунктаў. У прыярытэце працы ўлады будзе павышэнне якасці жыцця людзей, – падкрэсліў Сяргей Садоўскі.

Былы старшыня райвыканкама Уладзімір Аўдошка, якому ўручылі Ганаровую грамату райсавета, а пакуль яшчэ кіраўнік раёна падзякаваў дэпутатаў за сумесную працу і пажадаў поспехаў новаму кіраўніку.
У рабоце пазачарговай сесіі раённага Савета дэпутатаў прыняў удзел памочнік Прэзідэнта – інспектар па Віцебскай вобласці Анатоль Ліневіч.