Серыю архітэктурных формаў стварае жыхарка Верхнядзвінска да абласных «Дажынак-2018».
– Без высокіх слоў сэнсу не выкажаш – душа просіць творчасці, – прызнаецца аўтар твораў Тамара Залеціла.
Па прафесіі яна педагог, 30 гадоў адпрацавала загадчыцай Шайцяроўскага дзіцячага садка, тэрыторыю якога ператварыла ў казачны куток. Цяпер вядзе гурток керамікі ў цэнтры пазашкольнай работы, а ўвесь вольны час прысвячае творчаму самавыяўленню.
Маючыя адбыцца «Дажынкі» натхнілі Тамару Іосіфаўну на стварэнне цэлага цыклу цудоўных керамічных сувеніраў. Што ні фігурка – то самабытны характар, незвычайны сюжэт. Гасцям фестывалю, несумненна, спадабаюцца такія памятныя падарункі.
І, вядома, нікога не пакінуць абыякавымі маштабныя творы Тамары Залецілы. Яны з'явяцца ва ўсіх населеных пунктах Шайцяроўскага сельсавета, размешчаных уздоўж аўтатрасы Р20.
Так, на ўездзе ў вёску Лешчылава ўжо рыхтуецца расправіць свае кветкавыя крылы ландшафтная кампазіцыя «Жар-птушка». Каля Шайцяроўскай школы ўстаноўлена непаўторная «Алоўніца», ля ўваходу ў фірменную краму ААТ «Шайцярова» – фігура Хрусткі.
А самым манументальным абяцае быць «Рог дастатку» у вёсцы Цясты. Там і карова з цялём, і свіння з парасятамі, і кветкавая рака. Як і належыць: з рога – усяго шмат. А напярэдадні «Дажынак» з яго «посыплюцца» яшчэ і мяшкі з збожжам.
Кампазіцыя будзе сімвалізаваць поспех і росквіт аднаго з лепшых сельгаспрадпрыемстваў Віцебшчыны – ААТ «Шайцярова», якое ўваходзіць у лік лідэраў і па надоях малака, і па ўраджайнасці збожжавых. Благаўпарадкаванне тэрыторый – таксама пастаянная клопат гаспадаркі: яго кіраўніку Міхаілу Гумненкаву жыхары сельсавета ўдзячныя за падтрымку ўсіх пачынанняў.
– Работы ў кожным населеным пункце праводзім комплексна, каб эканоміць рэсурсы і атрымліваць найбольшы эфект, – расказала старшыня Шайцераўскага сельсавета Таццяна Разумная.
Паводле яе слоў, рыхтавацца да свята мясцовыя жыхары пачалі загадзя. Яшчэ два гады таму быў распрацаваны план, які паслядоўна выконваецца. Каля дарог вырублены зараснікі хмызняку, прыведзены ў парадак тэрыторыі і адрамантаваны фасады адміністрацыйных будынкаў, у аграгарадку Шайцерава пафарбаваны бетонны плот. Важна, што да работ актыўна далучаецца насельніцтва, а ў цэлым аб'яднанне намаганняў работнікаў гаспадаркі, устаноў адукацыі і культуры, дэпутацкага корпуса і грамадскасці дае цудоўны вынік.
Цікавыя творчыя ідэі тут таксама сыплюцца як з рога дастатку. Свае будучыя задумкі гаспадары пакуль трымаюць у сакрэце, але абяцаюць, што кожная з новых архітэктурных форм стане запамінальнай.
Добраўпарадкаванне тэрыторый да «Дажынак» у адпаведнасці з зацверджаным мясцовымі ўладамі планам мерапрыемстваў вядзецца і ў іншых сельсаветах Верхнядзвіншчыны. Сустрэць гасцей свята самы паўночны раён рыхтуецца годна.