Сур'ёзныя апёкі атрымала наваполачанка пры тушэнні сухой расліннасці, якая загарэлася
10 мая, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Пры спробе справіцца з агнём пры выгаранні сухой расліннасці апёкавыя траўмы атрымала жыхарка Наваполацка. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміла прэс-сакратар абласнога ўпраўлення МНС Марына Фандо.
Здарэнне адбылося 8 мая ў раёне вёскі Светлішча Полацкага раёна. Работнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, якія прыбылі па трывожным паведамленні, ліквідавалі ўзгаранне сухой травы на агульнай плошчы каля 100 кв.м, калі агонь ужо падбіраўся да жылых пабудоў. У ходзе разбіральніцтва было ўстаноўлена, што адна з відавочцаў гарэння спрабавала самастойна перашкодзіць распаўсюджванню полымя на вялікую плошчу. Пры гэтым жанчына 1959 года нараджэння атрымала апёкі абедзвюх кісцей рук, стоп і твару 3-й ступені і шпіталізавана ў хірургічнае аддзяленне Полацкай цэнтральнай раённай бальніцы. Пацярпелая жыве ў Наваполацку, а ў Полацкі раён прыехала на выхадныя на дачу.
Цяпер праводзіцца праверка з мэтай устанаўлення прычын і магчымых вінаватых узгарання.
Усяго ў бягучым годзе па вобласці больш за 80 грамадзян, у тым ліку чатыры кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый, прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці па фактах выпальвання сухой расліннасці.
Віцебскае абласное ўпраўленне МНС нагадвае, што ў адпаведнасці з Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях выпальванне сухой расліннасці, развядзенне вогнішчаў у неўстаноўленых месцах цягне за сабой накладанне штрафу ў памеры да 12 базавых велічынь (у цяперашні час базавая велічыня Br35 тыс.).-0-