Сертыфікат на 10 тысяч рублёў для набыцця спартыўнага інвентару ўручыў Уладзімір Церанцьеў Суйкаўскай базавай школе Віцебскага раёна
– Наша школа хоць і малакамплектная, вучыцца ўсяго 70 дзяцей, але поспехі не могуць не радаваць, – падкрэсліў дырэктар установы адукацыі Міхаіл Папко. – Гэтаму спрыяе дружны калектыў, у якім працуюць прафесіяналы: з 15 педагогаў сем з вышэйшай і шэсць з першай катэгорыямі.
Дастаткова сказаць, што ў навучальным годзе рабяты школы станавіліся пераможцамі раённых і абласных алімпіяд. Так, вучань 8-га класа Сяргей Макараў паказаў добрыя вынікі на абласной алімпіядзе па гісторыі, 4-класнік Арцём Паўлаў – па прадмеце «Чалавек і свет», па фізкультуры і спорце – 8-класнік Арцём Станько і 7-класнік Ігнацій Шыбека, у раённай алімпіядзе па працоўным навучанні адзначыўся 9-класнік Алег Новікаў.
Гэта стала магчымым у тым ліку дзякуючы ўмацаванню матэрыяльна-тэхнічнай базы школы, лічыць Міхаіл Папко. Толькі ў гэтым навучальным годзе атрыманы камп'ютарны клас, мультыборд, 30 новых пар лыж, новы аўтобус (цяпер іх два) для падвозу 60 дзяцей.
З дзевяці выпускнікоў трое збіраюцца працягнуць вучобу ў сельскагаспадарчых каледжах, астатнія рабяты, сярод якіх адна дзяўчынка, пойдуць у дзясяты клас.