Сяржант адной з воінскіх часцей Аршанскага гарнізона асуджаны за неданясенне пра факты дзедаўшчыны

24 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Бабруйскім міжгарнізонным ваенным судом да пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 1 год з адтэрміноўкай яго выканання на 1 год асуджаны сяржант адной з воінскіх часцей Аршанскага гарнізона. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў Генеральнай пракуратуры Беларусі.

Устаноўлена, што асуджаны, будучы дзяжурным па роце, стаў сведкам няўстаўных адносін з боку старослужачых салдат да навабранцаў, але з пачуцця ілжывага таварыства не спыніў гэтыя супрацьпраўныя дзеянні саслужыўцаў і не далажыў пра іх непасрэднаму начальніку. Прыгавор суда ўступіў у законную сілу.

Як адзначылі ў Генпракуратуры, важная роля ў вырашэнні задач, ускладзеных на Узброеныя Сілы Беларусі і іншыя воінскія фарміраванні, адведзена арганізацыі ўнутранай службы, якая, з'яўляючыся складовай часткай воінскага правапарадку, мае сваёй мэтай забяспечыць моцную воінскую дысцыпліну, арганізаванасць і высокую баявую гатоўнасць войскаў. "Строгае і дакладнае выкананне правілаў нясення ўнутранай службы забяспечвае нармальную жыццядзейнасць воінскіх часцей і падраздзяленняў, прыняцце неадкладных мер у выпадку баявой трывогі, стыхійнага бедства і нештатных сітуацый, служыць важным сродкам папярэджання правапарушэнняў сярод ваеннаслужачых. Адступленне ад статутных патрабаванняў можа прывесці да негатыўных наступстваў", - падкрэслілі ў галоўным пракурорскім ведамстве.

Там таксама заўважылі, што, як паказвае судовая практыка, парушэнні правілаў нясення ўнутранай службы, як правіла, маюць месца ў тых падраздзяленнях, дзе адсутнічае належны статутны парадак. У выніку сумеснай мэтанакіраванай прафілактычнай работы Беларускай ваеннай пракуратуры і камандавання паднадзорных воінскіх фарміраванняў за сем месяцаў 2011 года зарэгістравана два злачынствы гэтай катэгорыі.-0-