Сёстры ў Глыбоцкім раёне аднаўляюць радавы маёнтак і вядуць летапіс незвычайнай дынастыі

Невялікі домік на хутары каля вёскі Празарокі ў Глыбоцкім раёне, на першы погляд, нічым не прыкметны. Звычайная карціна для віцебскай глыбінкі: акуратнае збудаванне, побач – прыгожы кветнік, дагледжаны агарод і сад. Аднак месца тут, відаць, сапраўды асаблівае. Нездарма ўсюды едуць з розных куткоў Беларусі, Расіі, Польшчы і нават Францыі сваякі з адной вельмі вялікай і дружнай сям'і.

Святы, выхадныя, адпачынак – усё гэта падстава, каб браты і сёстры, а іх дзесяць чалавек – Іосіф, Аліна, Рэгіна, Марыя, Сафія, Леанід, Альфрэда, Віктар, Вера, Аляксандр – разам са сваімі дзецьмі і ўнукамі прыехалі ў бацькоўскі дом. Талокай працуюць, разам адпачываюць, весяляцца, а ў цяжкія часы падстаўляюць плячо і дзеляць на ўсіх печалі і клопаты.

– Нашу вялікую сям'ю аб'ядноўвае любоў і клопат адзін пра аднаго, дабрыня. Узаемаразуменне нас згуртоўвае. І ў радасці, і ў горы мы заўсёды разам. Адзінае цэлае. Сям'я. У гэтым наша сіла, – распавядае Аліна Сабачэўская, старэйшая з сясцёр роду Фурс. – Пасля таго як не стала нашых мамы Вацлавы Адольфаўны і таты Віктара Васільевіча, мы вырашылі захаваць наш хутар, наш родны куток. Не сталі прадаваць дом, а зрабілі яго месцам, дзе пастаянна сустракаемся, бо жыццё разкідала нас па розных гарадах і нават краінах.

Аліна Віктараўна жыве ў Празароках, працуе бібліятэкарам і беражліва захоўвае ўсе сямейныя рэліквіі – фатаграфіі, дакументы, граматы, дыпломы і, галоўнае, рэчы, зробленыя рукамі маці і іншых родзічаў. Адзін з самых каштоўных прадметаў у калекцыі – сяміструнная гітара, на якой грала Вацлава Адольфаўна.

– Мамачка была вельмі творчай: выдатна малявала, грала на гітары і цудоўна спявала, асабліва рамансы. Яшчэ яна была майстрыха на ўсе рукі: вязала, ткала, шыла, вышывала, –успамінае жанчына, а таксама прызнаецца, што многія з гэтых талентаў перадаліся адной з яе малодшых сясцёр Марыі. – Наша Марыйка шые выдатных лялек, кожная з іх мае свой характар і настрой.

Марыя, як і Аліна, часта бывае на родным хутары. Жыве ў Наваполацку, да выхаду на пенсію працавала ў ААТ “Полацк-Шкловалакно”, а цяпер разам з мужам сочыць за парадкам у родавым маёнтку. Калі трэба зрабіць нешта маштабнае, напрыклад, падлатаць дах ці адрамантаваць будынак, то на дапамогу па яе першым клічы збіраюцца ўсе.

Маёнтак сям'і Фурс на хутары ў Глыбоцкім раёне адкрыты і для ўсіх блізкіх, тут шчыра прымаюць стрыечных сясцёр з Польшчы – Тэрэсу і Сабіну, прыязджала пагасціць нават далёкая сваячка з Францыі.

З часам у доме, куды разам з сем'ямі прыязджаюць браты і сёстры, вырасла «родавае дрэва»: карані – бацькі Вацлава і Віктар Фурс, якія сталі моцнай асновай для кожнага з дзесяці сваіх дзяцей і маладога папаўнення ў выглядзе ўнукаў, і зусім зялёных лісточкаў – праўнукаў.

Сёстры Марыя і Аліна таксама вядуць сямейны летапіс. Ужо накапілася некалькі аб'ёмных папак са ўспамінамі і фотаздымкамі. Першы раздзел прысвечаны бацькам, потым кароткія апавяданні-характарыстыкі пра кожнага з прадстаўнікоў роду, іх дзяцей і ўнукаў. Дзякуючы гэтаму фамільнаму зборніку мы пазнаёміліся з гэтай дзіўнай сям'ёй.

Старэйшы – Іосіф, жыве і працуе на Магілёўшчыне, разам з жонкай яны трымаюць вялікую гаспадарку, таму прыязджаюць не так часта, як хацелася б родным, але абавязкова зідваюцца з усімі. Далей па ўзросце ідзе Аліна, яе па праву лічаць старэйшынай роду, для ўсіх яна стала другой мамай – клапоціцца, перажывае і апекуе кожнага. Рэгіна – “сямейны адвакат”, па спрэчных пытаннях звяртаюцца да яе, яна, як і старэйшы брат, жыве ў Магілёве, але кожны год прыязджае на хутар у адпачынак. Далей за ўсіх ад роднага гнязда адляцела Сафія, яна з мужам і двума сынамі цяпер у Волагдзе, і не рэдка бывае на малой радзіме, але з братамі і сёстрамі кантактуе пастаянна. Яшчэ адзін з мужчын сям'і Фурс – Леанід – жыў і працаваў у Празароках, шмат сіл уклаў у аднаўленне маёнтка. Нядаўна ён пайшоў з жыцця, сям'я моцна перажывае гэту страту.

Альфрэду, адной з малодшых сясцёр, жыццёвы шлях прывёў у вёску Бабінічы Віцебскага раёна, але цесная сувязь з бацькоўскім

кровом захавалася. Яе клопаты на хутары – гэта абноўлены сад, дзе растуць пасаджаныя Альфрэдай і яе сям'ёй саджанцы: яблыні, чарэшня, маліны, ажына. Віктар – самы вясёлы, родня лічыць, што ўсё таму, што нарадзіўся 31 снежня, як раз перад надыходам Новага года, таму і стаў чалавекам-святам. Ён жыве ў адным сяле са старэйшым братам Іосіфам.

Малодшыя прадстаўнікі роду Фурс – Вера і Аляксандр – усеагульныя улюбёнцы, даўжэй за ўсіх заставаліся пад бацькоўскай апекай. Цяпер Вера жыве ў Віцебску, працуе бухгалтарам, часта званіцца з блізкімі. Сашу называюць “сямейным камерсантам”, у Віцебску ў яго свой бізнес. У родныя Празарокі прыязджае разам з дзецьмі і жонкай, каб адпачыць ад спраў і расслабіцца.

 – З узростам вастрэй адчуваецца патрэба ў зносінах з блізкімі. Цяпер модна ператвараць хутары ў аграсядзібы, але мы ўсе вырашылі, што гэты куток патрэбны нам самім. Мы хочам і любім сустракацца, а лепшага месца для гэтага, чым бацькоўскі дом, нам не знайсці, – лічыць Марыя.

Наталля Камлёва. Фота Дзмітрыя ОСІПАВА, «Віцебскія вясці».