Сяўбу яравых культур у Віцебскай вобласці плануецца завяршыць да 20 мая

17 мая, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Сяў яравых культур у Віцебскай вобласці плануецца завяршыць да 20 мая, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў камітэце па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама. Паводле даных на раніцу 17 мая, яравыя культуры пасеяны на плошчы звыш 300 тыс.га, што складае каля 78% да плана. Шэраг раёнаў ужо завяршылі пасяўныя работы. Сёлета неспрыяльныя ўмовы надвор'я ўнеслі карэктывы ў тэрміны правядзення пасяўных работ. Аграрыі вобласці за апошнія 4 гады ўпершыню працуюць у такіх складаных умовах, звязаных у асноўным з пераўвільгатненнем глебаў, адзначылі спецыялісты. Тым не менш, сёння ўжо на першы план выходзяць работы па нарыхтоўцы кармоў і падрыхтоўцы глебы пад сеў азімых збожжавых і рапсу ўраджаю 2011 года. Перад гаспадаркамі вобласці пастаўлена задача па магчымасці максімальна пераключацца на падрыхтоўку кормаўборачнай тэхнікі, кармавых сховішчаў з тым, каб у канцы мая - пачатку чэрвеня прыступіць да масавай нарыхтоўкі кармоў, падкрэслілі ў камітэце. Сёлета ў вобласці трэба нарыхтаваць травяных кармоў у аб'ёме не менш за 1 млн. 250 тыс.т кармавых адзінак, што на 10% перавышае паказчык мінулага года. Так, нарыхтоўка сіласу плануецца на ўзроўні не менш за 2,2 млн.т, сенажу - 2 млн.т. У разліку на адну ўмоўную галаву грамадскага статка неабходна нарыхтаваць не менш за 26 ц кармавых адзінак, што дазволіць у аптымальных умовах правесці зімовы стойлавы перыяд і забяспечыць выкананне прагнозных паказчыкаў па росце асноўных відаў жывёлагадоўчай прадукцыі. Пры гэтым вільготнасць глебаў, якая стварыла асноўныя цяжкасці ў ходзе пасяўной, павінна спрыяць нарошчванню вегетатыўнай масы траў, дадалі спецыялісты.-0-