СЭЗ "Віцебск" да свайго 10-годдзя арганізуе міжнародную канферэнцыю і інвестыцыйную выставу

5 кастрычніка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Свабодная эканамічная зона "Віцебск" арганізуе міжнародную канферэнцыю і інвестыцыйную выстаўку-кірмаш, прымеркаваныя да 10-годдзя стварэння СЭЗ. Мерапрыемствы пройдуць 15-16 кастрычніка ў лядовым Палацы спорту абласнога цэнтра, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў адміністрацыі СЭЗ.

У канферэнцыі плануюць прыняць удзел больш за 100 бізнесменаў з Расіі, Германіі, Латвіі, Ізраіля, Швецыі, Польшчы, Кітая, а таксама кіраўнікі айчынных прадпрыемстваў, бізнес-структур і органаў дзяржаўнага кіравання. Асноўнай мэтай мерапрыемстваў з'яўляецца прэзентацыя інвестыцыйнага патэнцыялу Віцебскай вобласці і пераваг рэалізацыі праектаў ва ўмовах свабоднай эканамічнай зоны "Віцебск". Сёння замежныя інвестары праяўляюць павышаную цікавасць да працы ў Беларусі, што тлумачыцца мерамі, якія прымаюцца па лібералізацыі ўмоў эканамічнай дзейнасці ў краіне, таму запланаваныя мерапрыемствы павінны спрыяць актывізацыі інвестыцыйнага супрацоўніцтва Віцебскага рэгіёну з замежнымі партнёрамі.

На канферэнцыі будуць прадстаўлены інвестыцыйныя вынікі дзесяцігадовай дзейнасці віцебскай СЭЗ, а таксама перспектыўныя напрамкі і праекты, якія плануюцца да рэалізацыі. Адміністрацыя СЭЗ азнаёміць дзейных і патэнцыйных інвестараў з развіццём тэрытарыяльнага патэнцыялу і інфраструктуры зоны, а заснавальнікі прадпрыемстваў - рэзідэнтаў СЭЗ падзеляцца вопытам рэалізацыі праектаў ва ўмовах свабоднай эканамічнай зоны. Удзельнікі канферэнцыі таксама змогуць азнаёміцца з прадукцыяй рэзідэнтаў віцебскай СЭЗ на выстаўцы-кірмашы, якая разгорнецца на пляцоўцы ў лядовым Палацы спорту. Акрамя таго, для патэнцыйных інвестараў будзе арганізавана наведванне прадпрыемстваў-рэзідэнтаў, перспектыўных прамысловых пляцовак, якія ўваходзяць у СЭЗ і гатовыя да інвестыцыйнага асваення.

СЭЗ "Віцебск" утворана ў жніўні 1999 года. У цяперашні час у СЭЗ ажыццяўляюць дзейнасць 34 рэзідэнты з удзелам інвестараў з 13 краін, у тым ліку Германіі, ЗША, Вялікабрытаніі, Канады, Чэхіі, Польшчы і Расіі. Сярэдне-спісачная колькасць працуючых на прадпрыемствах перавышае 8 тыс. чалавек. Прадпрыемствы-рэзідэнты выпускаюць прадукцыю паліўнай, хімічнай, лёгкай, харчовай прамысловасці, машынабудавання, займаюцца навуковымі распрацоўкамі. Тэрыторыя свабоднай эканамічнай зоны ўключае сем сектараў агульнай плошчай больш за 1,2 тыс.га.-0-