СЭЗ "Віцебск" прадставіла на інвестфоруме 12 праектаў на 45 млн. еўра

20 мая, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Вольная эканамічная зона "Віцебск" на міжнародным форуме "Інавацыйны бізнес - інвестыцыі ў будучыню", які праходзіць у Віцебску 20-21 мая, прадставіла 12 праектаў агульным коштам звыш 45 млн. еўра, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА намеснік начальніка аддзела інвестыцый і знешнеэканамічных сувязей ВЭЗ Ілона Тарлецкая. Увазе інвестараў прапанаваны праект па арганізацыі вытворчасці святлодыёднай тэхнікі для падсвятлення дамоў і збудаванняў на тэрыторыі ВЭЗ "Віцебск". На будаўніцтва вытворчых плошчаў, куплю абсталявання, сыравіны, сертыфікацыю прадукцыі патрабуецца 1,5 млн. еўра. Праект па разліве мінеральнай вады і напояў коштам 4 млн. еўра можна рэалізаваць у ААТ "Віцязь", на тэрыторыі якога маюцца ўласныя свідравіны артэзіянскай і мінеральнай вады. Іх хімічны склад адпавядае лепшым узорам, якія выпускаюцца ў Беларусі. Разам з тым для забеспячэння ўласных патрэб "Віцязя" патэнцыял гэтых крыніц выкарыстоўваецца менш чым напалову. Яшчэ два праекты, якія прапануюцца ВЭЗ "Віцебск" на форуме, датычацца стварэння прадпрыемства па глыбокай перапрацоўцы драўніны коштам 1,5 млн. еўра і завода па ўтылізацыі і перапрацоўцы цвёрдых камунальных адходаў з аб'ёмам інвестыцый у 20 млн. еўра. На пачатковай стадыі арганізацыі ў цяперашні час знаходзяцца восем інвестыцыйных праектаў, адзначыла Ілона Тарлецкая. Гэта праекты па стварэнні вытворчасці падэшваў і абцасаў з гумы і сінтэтычных палімераў (1,3 млн. еўра), выпуску аўтамабіляў спецыяльнага прызначэння (2,6 млн. еўра), развіцці вытворчасці сродкаў пажаратушэння (3,7 млн. еўра), выпуску дарожна-будаўнічай тэхнікі і абсталявання (1 млн. еўра), тэрмаізаляцыйных фасадных панэляў з прымяненнем клінкернай пліткі (4 млн. еўра), упаковачнай прадукцыі з поліэтыленавых і поліпрапіленавых плёнак (1 млн. еўра), развіцці вытворчасці і пашырэнні паслуг па транспарціроўцы звадкаваных газаў (2,4 млн. еўра). Акрамя таго, Аршанскі авіярамонтны завод рэалізуе праект па рэканструкцыі і тэхпераўзбраенні вытворчай базы коштам 2,3 млн. еўра. ВЭЗ "Віцебск" утворана ў жніўні 1999 года. Усяго сёння ў ВЭЗ рэалізуецца 38 інвестыцыйных праектаў. Больш за 60% рэзідэнтаў ВЭЗ "Віцебск" з'яўляюцца сумеснымі і замежнымі прадпрыемствамі, створанымі з удзелам інвестараў з 13 краін, у тым ліку Германіі, Польшчы, ЗША, Чэхіі, Вялікабрытаніі, Расіі, Канады, Галандыі і Ізраіля. Аснову прамысловага патэнцыялу ВЭЗ складаюць прадпрыемствы, якія працуюць у сферы машынабудавання, дрэваапрацоўкі, харчовай, хімічнай, паліўнай і лёгкай прамысловасці.-0-