СЭЗ "Віцебск" прадставіць на Беларускім інвестыцыйна-эканамічным форуме тры праекты на $72 млн.

10 лістапада, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Свабодная эканамічная зона "Віцебск" (СЭЗ "Віцебск") плануе прадставіць на Беларускім інвестыцыйна-эканамічным форуме тры праекты агульным коштам больш за $72 млн., паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела інвестыцый і знешнеэканамічных сувязяў адміністрацыі СЭЗ Алег Кандратовіч.

Усе інвестыцыйныя прапановы звязаны з выкарыстаннем новых і высокіх тэхналогій. Адміністрацыя СЭЗ разлічвае прыцягнуць стратэгічных інвестараў для рэалізацыі праектаў у будаўнічай галіне з выкарыстаннем мясцовай сыравіны - даламіту. Вялікія запасы даламіту, разведаныя на тэрыторыі вобласці, робяць гэту тэму перспектыўнай і прывабнай.

Так, адзін з праектаў прадугледжвае будаўніцтва завода па вытворчасці цэглы з даламіту метадам сухога гіперпрэсавання гадавой магутнасцю 13 млн. штук. Выдаткі на яго рэалізацыю ацэньваюцца ў суме $ 5 млн., асноўная частка з якіх будзе накіравана на набыццё тэхналагічнага абсталявання. Ініцыятары праекта ўжо стварылі ТАА "Еўрацэглы", якое прайшло рэгістрацыю ў якасці рэзідэнта СЭЗ "Віцебск". Акрамя таго, для размяшчэння прадпрыемства выдзелены зямельны ўчастак плошчай 2,3 га за 6 км ад радовішча даламіту, цяпер вядзецца падрыхтоўка да правядзення праектна-пошукавых работ.

Другі праект будаўнічай тэматыкі "Будаўніцтва заводаў па вытворчасці магнезіяльнага цэменту, вапны і гіпсавых вяжучых" таксама прадугледжвае выкарыстанне даламітавай мукі ў якасці сыравіны. Яе запасы ў вобласці ацэньваюцца ў 710 млн. т. Патрэбнасць у інвестыцыях для рэалізацыі праекта складае $ 30 млн.

Яшчэ адна інвестыцыйная прапанова "Вытворчасць сухога пекціну" заснавана на ўкараненні новай запатэнтаванай тэхналогіі, якая прадугледжвае вылучэнне пекціну (загушчальніка расліннага паходжання) з жому цукровых буракоў (адходаў цукровай вытворчасці). Пры гэтым тэхналогія не прадугледжвае выкарыстання моцных мінеральных кіслот і спіртоў. Пекцін выкарыстоўваецца ў кандытарскай, хлебабулачнай вытворчасці, яго спажыўцамі таксама з'яўляюцца фармацэўтычныя прадпрыемствы. Кошт праекта складае $37,4 млн. Вытворчая магутнасць прадпрыемства разлічана на выпуск 600 т сухога пекціну ў год.

Беларускі інвестыцыйна-эканамічны форум адбудзецца ў Мінску 12-13 лістапада.-0-