Сезон восеньскіх кірмашоў адкрываецца ў Віцебскай вобласці 18 верасня

16 верасня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. У Віцебскай вобласці 18 верасня адкрываецца сезон восеньскіх кірмашоў, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні гандлю і паслуг Віцебскага аблвыканкама. Для забеспячэння насельніцтва запасам пладаагародніннай прадукцыі штотыднёва па выхадных у Віцебску, Оршы, Полацку, Наваполацку, Навалукомлі і Барані, а таксама ў раённых цэнтрах будуць арганізаваны кірмашы, на якіх агародніну, садавіну і карняплоды прадставяць сельгасарганізацыі вобласці, багаты выбар тавараў народнага спажывання пакупнікам прапануюць перапрацоўчыя і прамысловыя прадпрыемствы. У абласным цэнтры 2 кастрычніка пройдзе традыцыйны кірмаш устаноў адукацыі вобласці. Школы, ПТВ, сярэднія спецыяльныя і вышэйшыя навучальныя ўстановы прапануюць гараджанам і гасцям абласнога цэнтра ўвесь спектр прадукцыі, выпушчанай у сценах навучальных устаноў падчас прафесійнай падрыхтоўкі навучэнцаў: агародніну, саджанцы і расаду, насенне сельскагаспадарчых культур, піламатэрыялы, сталярныя, швейныя, мастацкія вырабы, мэблю для дома і дач, сувеніры. Пры гэтым пакупнікі змогуць як купіць, так і замовіць выраб, які спадабаўся. Традыцыйна мерапрыемства будзе суправаджацца вялікім канцэртам.-0-