«КРОК»: пра што пыталіся віцебскія школьнікі намесніка міністра эканомікі Беларусі Анжаліку Нікіціну
– Я не адразу заняла высокія пасады. Пасля вучобы ў Віцебскім політэхнічным тэхнікуме працавала прадаўцом. У 2004 годзе скончыла Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію, у 2017-м – Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэс-публікі Беларусь. З 2000 года працавала ў аддзеле эканомікі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віцебскага райвыканкама. З 2016 па 2020 гады ўзначальвала камітэт эканомікі аблвыканкама. Каб дамагчыся поспеху, трэба, у першую чаргу, мець вялікае жаданне рухацца наперад, – сказала Анжаліка Аляксандраўна.
– Калі б у вас была машына часу, куды вы перамясціліся б? – такім незвычайным было наступнае пытанне.
– У мінулае дакладна не хацела б, можа быць, у будучыню, цікава, якой будзе наша краіна. Бо зараз у ёй робіцца нямала.
– Як сітуацыя з пандэміяй паўплывала на эканоміку Беларусі? – пацікавіўся адзін з навучэнцаў.
– Гэта добра, што маладыя людзі неабыякавыя да таго, што адбываецца, і задаюць падобныя пытанні, – адзначыла намеснік міністра. – Сітуацыя, звязаная з распаўсюджваннем COVID-19, у меншай ступені адбілася на эканоміцы Беларусі, чым на іншых краінах Еўропы. У нас не было спынена ніводнае прадпрыемства. Толькі адны сыходзілі на аддаленую працу, іншыя былі на самаізаляцыі. Цяпер урадам пастаўлена задача да канца года ВУП краіны давесці да 100% (сёння 99,7%). Я думаю, гэты паказчык будзе дасягнуты. Бо ёсць інвестыцыйныя праекты, актыўна ідуць продажы на экспарт, у тым ліку ў Кітай. Хочацца адзначыць, што віцебскія прадпрыемствы ў 2,5 раза нарасцілі аб'ём харчовай прадукцыі ў Паднябесную, а Віцебская бройлерная птушкафабрыка – у пяць разоў.
Пандэмія ў большай ступені паўплывала на малы і сярэдні бізнес, транспартную, турыстычную сферы. Але дзяржава своечасова прыняла меры, якія знайшлі ўвасабленне ва Указе № 143 «Аб падтрымцы эканомікі». Лічу, гэты год наша краіна вытрымала годна.
– Якія спецыялісты будуць запатрабаваны ў бліжэйшыя 5 – 10 гадоў? – спыталі навучэнцы.
– Сёння краіна робіць стаўку на прадукты з высокай дабаўленай вартасцю, дзе патрэбны кваліфікаваныя работнікі, напрыклад, у сферы бія- і IT-тэхналогій, фармацэўтыкі, – расказала Анжаліка Нікіціна. – Прадпрыемствы мадэрнізуюцца і пераходзяць на выкарыстанне абсталявання з праграмным кіраваннем. Ідзе працэс цыфравізацыі эканомікі, стварэнне разумных гарадоў. Узнікае запатрабаванасць у IT-спецыялістах. З адкрыццём у краіне атамнай электрастанцыі ўзнікла неабходнасць у адпаведных кадрах.
Застаюцца актуальнымі такія напрамкі дзейнасці, як лагістыка, турызм, асабліва для прыгранічных рэгіёнаў краіны.
Вядома, будучыня і за аграпрамысловым комплексам. Сёння ствараюцца буйныя таварныя інтэграцыйныя аб'яднанні на ўзроўні перапрацоўваючых прадпрыемстваў, дзе патрэбны спецыялісты.
Як ніколі неабходны рабочыя рукі. Радуе, што наша сістэма адукацыі дазваляе атрымаць патрэбную прафесію, а потым удасканальвацца і паступаць у вышэйшыя навучальныя ўстановы.
– Ці можа малады чалавек пасля школы без пэўнага досведу адкрыць сваю справу? Што для гэтага трэба? – такое пытанне адрасавалі намесніку міністра.
– Вядома, так. Працоўнае заканадаўства дазваляе гэта зрабіць, але пры гэтым трэба прааналізаваць свае магчымасці. У Віцебску ёсць цэнтр падтрымкі прадпрымальніцтва, дзе акажуць адпаведную дапамогу, – пракаментавала Анжаліка Аляксандраўна.
Адна з навучэнак школы Ангеліна Валчак, якая сёлета стала пераможцам раённага этапу алімпіяды па фінансавай граматнасці, агучыла намесніку міністра сваю ідэю. Дзяўчына прапанавала распрацаваць серыю заняткаў «Фінансавая граматнасць для малышоў».
– Гэта добрая ініцыятыва, актуальная для цяперашняга часу, – дала ацэнку Анжаліка Нікіціна. – Мы абавязкова разгледзім варыянты. Магчыма, гэта будзе брашура.
У канцы сустрэчы Анжаліка Аляксандраўна дадала, што сёння будучыня краіны – у руках кожнага з нас. Мы разам павінны яе будаваць, рабіць усё, каб у нашай краіне было добра жыць.