Шалом Алейхем! Мір Вам!
Кожныя тры гады творчыя калектывы ДУ «Цэнтр культуры «Віцебск» абавязаны пацвярджаць свае ганаровыя званні, заслужаныя карпатлівай працай і гадамі творчых пошукаў. 16 сакавіка 2013 года яўрэйскі нацыянальны вакальна-харэаграфічны ансамбль «ВІЦЕБСКІЯ ДЗЯЎЧАТЫ» будзе адстойваць званне «народнага» справаздачным канцэртам «ШАЛОМ АЛЕЙХЕМ!», або «МІР ВАМ!».
«ВІЦЕБСКІЯ ДЗЯЎЧАТЫ» унікальныя тым, што, нягледзячы на паважаны ўзрост удзельнікаў, калектыў развіваецца, асвойвае танцы, фальклор розных народаў свету. Само сабой, аснову рэпертуару складаюць яўрэйскія народныя танцы і песні, аднак гледача несумненна павінны парадаваць беларускі блок, а таксама асобныя нумары, якія прадстаўляюць больш экзатычныя культуры, такія як мексіканскі танец «САПАТЭО». Музыка, песні, танцы – усё самае новае і ўсё самае лепшае. Ствараецца адчуванне, што вясна ніколі не пакідае «ВІЦЕБСКІХ ДЗЯЎЧАТ», надзяляе творчай энергіяй, натхненнем і настроем. Вось і ў гэтым годзе калектыў разлічвае зноў скарыць гледачоў у Гродне на Міжнародным фестывалі нацыянальных культур, сяміразовым лаўрэатам якога ён ужо з'яўляецца.
Справаздачны канцэрт народнага яўрэйскага нацыянальнага вакальна-харэаграфічнага ансамбля «ВІЦЕБСКІЯ ДЗЯЎЧАТЫ» спрытна ўмешваецца ў спрэчку паміж зімой і вясной і нібыта кажа ім «ШАЛОМ АЛЕЙХЕМ!» – мір вам!
16 сакавіка. 15.00. Цэнтр культуры «Віцебск» (вуліца Маякоўскага, 1). Даведкі па тэлефоне 37 22 92.