«Шахцёр», БАТЭ і «Нёман» выйшлі ў паўфінал Кубка Беларусі па футболе
21 сакавіка, Мінск /Ігар Хадасевіч - БЕЛТА/. Футбалісты салігорскага "Шахцёра", барысаўскага БАТЭ і гродзенскага "Нёмана" ўслед за наваполацкім "Нафтанам" выйшлі ў паўфінал розыгрышу Кубка Беларусі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Салігорская дружына сёння ў гасцявым паўторным матчы ў Пінску ўзяла верх над мікашэвіцкім "Гранітам" - 3:0. Галамі ў другім тайме гульні адзначыліся Аляксей Рыас (46-я мін.), Андрэй Леанчык (55) і Аляксандр Гранькоў (89). Першая гульня гэтых каманд завяршылася перамогай гарнякоў з лікам 2:0.
Барысаўчане, якія выступалі ў гасцях у "Віцебска", згулялі ўнічыю - 1:1 і цяпер працягнуць барацьбу за ганаровы трафей. У сённяшняй сустрэчы ў складзе БАТЭ адзначыўся Сяргей Крывец, а ў віцябчан адказны гол забіў Арцём Косак. У першай сустрэчы барысаўская дружына выйграла з мінімальным лікам 1:0.
Апошнім паўфіналістам стаў гродзенскі "Нёман", які абыграў па суме дзвюх сустрэч сталічны МТЗ-РІПА. Сёння гродзенская дружына на сваім полі не пакінула шанцаў мінчанам - 3:0 (галы забілі Іван Дзянісевіч - 2 і Аляксандр Сямёнаў).
Паўфіналы адбудуцца 8, 9 і 22 красавіка, а вырашальны паядынак розыгрышу Кубка Беларусі 2008-2009 гадоў пройдзе 31 мая.-0-