Шэдэўры сусветнага музычнага мастацтва на балалайках. «Віцебскія віртуозы» выступяць з канцэртам

З канцэртам камернай музыкі «Ад сэрца да сэрца» выступіць акцет балалаек «Віцебскія віртуозы» на сцэне абласной філармоніі 31 мая.

Як патлумачыла нязменны кіраўнік праслаўленага калектыву заслужаная артыстка Беларусі Тамара Шафранова, у праграму ўключаны шэдэўры нацыянальнага і сусветнага музычнага мастацтва, а таксама творы сучасных аўтараў. Канцэрт складзены так, каб перадаць самыя разнастайныя станы душы: лірычны, рамантычны, гуллівы настрой. У праграме прымае ўдзел салістка філармоніі Паліна Бахталіна (мецца-сапрана).

«Віцебскія віртуозы» – унікальны калектыў. Падобнага няма нідзе, нават у Расіі, дзе балалайка лічыцца нацыянальным інструментам. «Мне заўсёды хацелася, каб акцет гучаў як аркестр», – кажа Тамара Шафранова. Высокі ўзровень майстэрства музыкантаў пацверджаны паспяховымі выступленнямі на шматлікіх спаборніцтвах і фестывалях. Ансамбль – лаўрэат прэстыжнага міжнароднага конкурсу выканаўцаў музыкі А. Пьяцолы.

Канцэрты акцета балалаек – гэта заўсёды свята, на якім слухачу прадастаўляецца цудоўная магчымасць адпачыць душой, напоўніць сэрца радасцю.

Таццяна Пастэрнак, «Віцебскія весці». Фота з адкрытых крыніц.