Шарснёў: мір і дабрабыт у краіне сталі галоўнай каштоўнасцю народа
Мір і дабрабыт у краіне сталі галоўнай каштоўнасцю народа. Такое меркаванне выказаў сёння старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў падчас сустрэчы з прадстаўнікамі СМІ рэгіёну, каментуючы ключавыя моманты Паслання Прэзідэнта беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Мікалай Шарснёў адзначыў, што выступ кіраўніка дзяржавы быў шматгранным і ўражлівым, і яго абмеркаванне ў грамадстве, працоўных калектывах усё яшчэ працягваецца, прычым вельмі актыўна выказваецца моладзь. На думку кіраўніка вобласці, выказванні людзей сведчаць пра тое, што ва ўсіх слаях насельніцтва адбываецца або ўжо адбылася пераацэнка каштоўнасцей. "Сітуацыя, якая склалася вакол Беларусі, многіх прымусіла задумацца: ці ў правільным напрамку рухаецца краіна? І многія моманты, думаю, наш народ пераацаніў. На сённяшні момант людзі бачаць, што аснова асноў - мір і дабрабыт у краіне. Гэта першасна", - растлумачыў кіраўнік аблвыканкама.
Праецыруючы змест Паслання на дзейнасць мясцовых органаў улады, Мікалай Шарснёў падкрэсліў: "Як губернатар я павінен сваю працу і працу падначаленых арганізаваць так, каб пераадолець тыя негатыўныя з'явы, якія ёсць у Віцебскай вобласці. Усё, што я хачу і планую зрабіць, павінна прывесці да таго, каб людзі жылі шчасліва: атрымлівалі дастойную заработную плату, а Віцебская вобласць, нягледзячы на няпростыя прыродна-кліматычныя ўмовы, стала лепшай".
Падчас сустрэчы ў аблвыканкаме пасля ўрачыстай часткі кіраўнік Віцебшчыны адказаў на пытанні журналістаў па ключавых тэмах, якія хвалююць аўдыторыю сродкаў масавай інфармацыі. Таксама былі ўручаны прэміі абласнога конкурсу друкаваных СМІ імя Ф.Скарыны і электронных - "Віцязь".
Кацярына Князева