Шэсць каманд падрыхтавалі венікі і выйшлі на старт лазневага чэмпіянату ў Полацкім раёне

29 студзеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Шэсць каманд падрыхтавалі венікі і выйшлі сёння на старт другога лазневага чэмпіянату "Знакамітыя Полацкія лазні", паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела ідэалагічнай работы Полацкага райвыканкама Дзмітрый Доўгаў. У склад каманды ўваходзяць два ўдзельнікі - мужчына і жанчына. Пераможцы будуць вызначаны ў асабістым і камандным першынстве. Выніковы камандны вынік пры роўных умовах будзе залежаць ад балаў, набраных жанчынай: калі каманды набралі аднолькавую колькасць балаў, то пераможа тая, дзе найбольшую колькасць ачкоў заваявала прыгожая палова каманды. Месцам сустрэчы аматараў гарачай пары і моцнага веніка стала аграэкасядзіба "У Крэніцы" ў вёсцы Уладычына. Тутэйшая лазня на час ператварылася ў месца бітвы лазневых завідзітараў. Ім трэба будзе прадэманстраваць мастацтва валодання венікам, паказаць стойкасць у парнай і адвагу ў лядовым палонцы. Падрыхтоўка ўдзельнікаў пачалася задоўга да спаборніцтваў, бо сапраўдная лазня патрабуе штотыднёвай трэніроўкі. Перад спаборніцтвам усе ўдзельнікі прайшлі медагляд, сачыць за іх станам падчас барацьбы будуць незалежныя эксперты. Пераможцаў, як і належыць, чакаюць узнагароды: дыпломы і каштоўныя падарункі. Пакуль паклоннікі пары і веніка разаграваюцца ў лазні на паліцы, іх заўзятары ўдосталь атрымліваюць асалоду ад зімовых забаў на марозе. Катанне на санках, узяцце снежнага гарадка - далёка не ўсе гульні, якія для жыхароў раёна падрыхтавалі мясцовыя забаўляльнікі. Гандлёвыя рады з пірагамі і гарачым чаем разгарнула мясцовая спажыўкааперацыя, а самадзейныя артысты, у адрозненне ад заезджых зорак, не баяцца нават марозу і з задавальненнем без фанаграмы спяваюць вясёлыя песні і клічуць танцаваць усіх жадаючых. Ініцыятыва правядзення спаборніцтваў належыць уладальнікам полацкіх аграэкасядзіб і аматарам лазні. Ідэю падтрымаў Полацкі райвыканкам і выступіў адным з арганізатараў. Такія незвычайныя спаборніцтвы могуць служыць не толькі прапагандай здаровага ладу жыцця, але і стаць добрай рэкламай сельскага турызму, дазволяць пераняць вопыт арганізацыі вольнага часу і аказання паслуг, лічаць у райвыканкаме. Полацкі лазневы чэмпіянат стане рэгулярным. Варта адзначыць, што чэмпіянаты па лазневым спорце праводзяцца ў розных краінах, а з 1999 года рэгулярна праходзіць лазневы чэмпіянат свету. У 2010 годзе спаборніцтвы адбыліся ў Фінляндыі, у іх прынялі ўдзел 130 спартсменаў-лазнікаў з 15 краін.-0-