Шэсць новых прэм'ер чакаюць віцяблян у новым тэатральным сезоне

13 кастрычніка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Шэсць новых прэм'ер пакажа ў новым сезоне Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Я. Коласа ў Віцебску, паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі мастацкі кіраўнік тэатра Рыд Таліпаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Адкрыецца 84-ы тэатральны сезон 16 кастрычніка "Несцеркай" Віталя Вольскага - візітнай карткай коласаўцаў. Гэты дзень будзе адзначаны яшчэ адной падзеяй: пасля спектакля адбудзецца ўрачыстае ўзнагароджанне артыстаў - пераможцаў творчага агляду па выніках 83-га тэатральнага сезона за лепшую жаночую, мужчынскую ролю. А тры акцёры будуць адзначаны за ролю другога плана. Першая прэм'ера чакае віцебскіх тэатралаў ужо 18 кастрычніка. Рэжысёрам камедыі сітуацый "О-ля-ля" па п'есе "Ох, ужо гэтая Ганна!" Марка Камалеці з'яўляецца Юрый Лізенгевіч. Сюжэт пастаноўкі завязаны на схеме муж - жонка - палюбоўнік - палюбоўніца. Сутыкнуўшыся воляю лёсу ў адным доме і прайшоўшы праз розныя перыпетыі, ім трэба будзе адкрыць адну простую ісціну: лепш дома і сваёй моцнай сям'і няма нічога. Сярод іншых навінак сезона - "На ўсякага мудраца хапае прастаты" Аляксандра Астроўскага, "Вечар беларускіх вадэвіляў" (Міхась Чарот, Леапольд Радзевіч, Янка Купала), "Вельмі простая гісторыя" Марыі Ладо і "Квартет" Рональда Харвуда. Усяго ў рэпертуары коласаўцаў 48 дзеючых спектакляў. Як адзначыў Рыд Таліпаў, сезон 2009/2010 па праве можна назваць юбілейным. Так, 31 кастрычніка 75 гадоў споўніцца народнаму артысту Беларусі, лаўрэату Дзяржаўнай прэміі БССР Тадэушу Какштысу. У 2010 годзе круглыя даты адзначыць цэлая пляяда таленавітых артыстаў коласаўскага тэатра. 50 гадоў з Дня нараджэння споўніцца Георгію Лойку, Галіне Букацінай, Вадзіму Асвецінскаму. 60-годдзе адзначыць Вячаслаў Грушоў і 65-годдзе - Віктар Дашкевіч.-0-