Шэсць праектаў жыхароў Віцебска ўключаны ў праграму святкавання Дня горада
Шэсць прапаноў жыхароў Віцебска па правядзенні культурна-масавых мерапрыемстваў уключаны ў праграму святкавання Дня горада, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага гарвыканкама.
Каля двух месяцаў таму ўлады горада падтрымалі грамадскую ініцыятыву кірмашу праектаў "Свята на нашай вуліцы". Збор прапаноў па святкаванні Дня горада праводзіўся як арганізатарамі кірмашу, так і на сайце выканкама. На выніковай прэзентацыі было прадстаўлена 7 лепшых прапаноў, 6 з якіх і ўвайшлі ў праграму мерапрыемстваў на розных пляцоўках.
Так, у парку ім. Савецкай Арміі пройдзе "Свята ветру", галоўнай падзеяй якога стане запуск паветраных змеяў. На пляцоўцы каля "Арт-прасторы на Талстога,7" у адзін з дзён адбудзецца "Летні маркет "Барадулінкі": будуць працаваць літаратурная і музычная сцэны, арганізаваны агульнагарадская "фотасушка", кірмаш хэндмэйд вырабаў і фрымаркет (бясплатны узаемны абмен непатрэбнымі рэчамі), буккросінг (абмен кнігамі). Вялікі танцавальны open air правядзе віцебская школа "Стылягі-хоп": удзельнікаў чакаюць танцавальны міні-марафон і майстар-класы па свінгу, рок-н-ролу, сальсе. Віцебскі краязнавец, аўтар кніг па гісторыі рэгіёна Мікалай Півавар прапанаваў арганізаваць 3 бясплатныя экскурсіі (як варыянт - вела-экскурсіі) у населены пункт Лужасна пад Віцебскам. А таксама жадаючыя змогуць паўдзельнічаць у інтэрактыве "Спеўны сход", на якім вывучаць аўтэнтычныя беларускія песні.
Знайшло падтрымку і прапанову правесці гарадскі фотазлёт. Для гэтага ў Віцебску ёсць усё неабходнае: таленавітыя фатографы, візажысты, цырульнікі, прыгожыя мадэлі і маляўнічы антураж цэнтральных вуліц, паркаў і сквераў. Усе праекты атрымаюць арганізацыйную падтрымку ад гарвыканкама, некаторыя з тых, дзе патрабуюцца фінансавыя ўкладанні, ужо знайшлі спонсараў. Яшчэ адзін праект - Street art конкурс "Віцебскі арнамент" - таксама можа быць рэалізаваны. Ён прадугледжвае збор эскізаў ад мастакоў з усёй Беларусі для малюнка на вялікай паверхні, і пераможца анлайн-галасавання атрымае права нанесці сваё тварэнне на выбраны аб'ект.
Кацярына Князева