Шэсць пагадненняў на $180 млн. падпісана на інвестыцыйным форуме ў Віцебску

15 кастрычніка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Шэсць пагадненняў на агульную суму больш за $180 млн. падпісана сёння на інвестыцыйным форуме ў Віцебску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Пратакол намераў падпісаны паміж Віцебскім гарвыканкамам і ТАА "Этнапарк" (Віцебск) па стварэнні этнаграфічнага парку культуры. У адпаведнасці з праектам ён будзе адлюстроўваць характэрныя рысы нацыянальнай архітэктуры сялянскага дома, побыту і кухні народаў Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Літвы і Латвіі.

Кампанію Logistikas Partneri SIA (Латвія) прыцягнула інвестыцыйная прапанова Аршанскага авіярамонтнага завода па развіцці грузавой транспартнай лагістыкі, а ІТАА "Татбелнафтапрадукт" (Татарстан) - магчымасць развіцця сеткі аўтазаправачных станцый у Віцебскай вобласці. Прадстаўнікі татарстанскай кампаніі падпісалі два пагадненні аб будаўніцтве АЗС у Талачынскім і Докшыцкім раёнах.

Новы імпульс атрымае развіццё сеткі прыдарожнага сэрвісу Прыдзвіння. Пратакол намераў аб стварэнні аб'ектаў у гэтай сферы заключылі Докшыцкі райвыканкам і ТАА "ЛесТрансЭкспарт" (Мінск), а таксама Сенненскі райвыканкам і ААТ "Марген" (Сенненскі раён).

Інвестыцыйны форум сабраў у Віцебску прадстаўнікоў 40 кампаній з Расіі, Польшчы, Латвіі, а таксама дыпламатычных місій. Увазе інвестараў прапанавана 140 праектаў розных суб'ектаў гаспадарання Віцебскай вобласці. Значная частка з іх звязана са стварэннем вытворчасцей па перапрацоўцы мясцовай сыравіны - драўніны, даламіту, гліны, торфу, а таксама з развіццём прыдарожнага сэрвісу, турыстычнай інфраструктуры. Завершыцца форум 16 кастрычніка.-0-