Шэсць сярэднявечных школяраў і бакалаўраў прэтэндуюць на права стаць помнікам у гонар студэнцтва ў Полацку
12 сакавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Шэсць сярэднявечных студэнтаў - школяраў і бакалаўраў прэтэндуюць на ўвекавечанне ля сцен былога езуіцкага калегіума ў Полацку. Менавіта столькі эскізных праектаў прадстаўлена на конкурс першай у Беларусі скульптуры ў гонар студэнцтва, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА галоўны спецыяліст Полацкага гарвыканкама Станіслаў Красоўскі.
Конкурснай камісіі трэба будзе выбраць найбольш цікавы варыянт скульптуры, які будзе ўвасоблены ў метал і ўжо ў бягучым годзе ўстаноўлены ля гістарычнага помніка, у якім цяпер размяшчаецца гісторыка-філалагічны факультэт Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Як адзначыў Станіслаў Красоўскі, скульптура сярэднявечнага студэнта - гэта даніна памяці першай на тэрыторыі Беларусі вышэйшай навучальнай установе, якой з'яўляўся заснаваны ў 1581 годзе Стэфанам Баторыем Полацкі езуіцкі калегіум. Аднак аўтары ідэі - рэктарат Полацкага ўніверсітэта вырашылі ўвекавечыць у метале не толькі схолара, але і сучаснага студэнта. У адрозненне ад сярэднявечнай Еўропы, калі навучацца ва ўніверсітэтах маглі толькі мужчыны, у сучасных ВНУ навучаюцца ўсё больш дзяўчат, таму вобраз сучаснага студэнцтва павінна ўвасобіць скульптура дзяўчыны. Устаноўлена яна будзе ў наступным годзе ля аднаго з новых карпусоў ПДУ - у Наваполацку. Полацкі ўніверсітэт, мабыць, адзіная навучальная ўстанова Беларусі, факультэты якой знаходзяцца ў двух гарадах.
У Полацку - першай афіцыйна абвешчанай культурнай сталіцы Беларусі - з пашанай і трапятаннем ставяцца да гісторыі і культуры краіны. Каля двух дзясяткаў скульптур і помнікаў нагадваюць аб слаўным мінулым. Сярод іх ёсць манументы легендарным асобам - Ефрасінні Полацкай, Францыску Скарыну, князю Усяславу Брачыславічу па мянушцы Чарадзей, а ёсць і незвычайныя, накшталт скульптуры хітраватага купца або кампазіцыі ў гонар беларускай літары "ў нескладовае".
У бягучым годзе скульптура полацкага студэнта будзе не адзіным новым помнікам. У маі ў Полацку адкрыецца манумент Героям вайны 1812 года, а крыху пазней з'явіцца помнік дойліду Іаану, які пабудаваў у XII стагоддзі Спаса-Праабражэнскі храм.-0-