Шэсць таленавітых маладых вучоных і спецыялістаў узнагароджаны прэміяй Віцебскага аблвыканкама
Узнагароду яны атрымалі як пераможцы адкрытага абласнога конкурсу па выніках 2013 года. Усе праекты прайшлі жорсткі адбор, іх ацэньвалі незалежныя эксперты. Пры гэтым галоўным крытэрыем з'яўляліся выніковасць, запатрабаванасць працы і яе ўплыў на канкурэнтаздольнасць рэгіёна.
Конкурс маладых вучоных праходзіць ужо восьмы раз. Звычайна ў вобласці набіраецца каля 25 намінантаў, чые працы адносяцца да фундаментальных і прыкладных даследаванняў.
На гэты раз лаўрэатамі з ліку першых сталі два прадстаўнікі ВГТУ: Юлія Вайлунова і Алена Карабава.
– Я працую на кафедры эканамічнай тэорыі і маркетынгу і вучуся ў аспірантуры па спецыяльнасці «Арганізацыя вытворчасці», – расказала Юлія Вайлунова. – Мая конкурсная праца наўпрост звязана з тэмай дысертацыі – развіццё інтэграцыйных працэсаў у лёгкай прамысловасці. Дадзеная тэма актуальная тым, што развіццё партнёрскіх адносін паміж прадпрыемствамі – адзін з фактараў іх канкурэнтаздольнасці. У працы я разглядала ў якасці прыкладу Аршанскі льнокамбінат і яго ўзаемадзеянне са швейнымі прадпрыемствамі, у прыватнасці ААТ «Сцяг індустрыялізацыі».
Астатнія лаўрэаты прадставілі распрацоўкі ў сферы прыкладных даследаванняў. Напрыклад, дацэнт кафедры фінансаў ПДУ Марына Аўкіна прапанавала практычныя выкладкі па ўдасканаленні бухгалтарскага ўліку і аналізу затрат на стварэнне інавацыйных прадуктаў у ВНУ.
Дацэнт кафедры стаматалогіі дзіцячага ўзросту і сківічна-тваравай хірургіі ВДМУ Арына Кабанава працуе над удасканаленнем метадаў дыягностыкі і лячэння гнойна-запаленчых захворванняў сківічна-тваравай вобласці.
Старэйшы выкладчык кафедры тэхналогій праграмавання ПДУ Канстанцін Раханаў прапанаваў свой інавацыйны варыянт ацэнкі разборлівасці маўлення ў каналах уцечкі інфармацыі.
А навуковы супрацоўнік ВДУ ім. П. Машэрава, аспірантка Інстытута эксперыментальнай ветэрынарыі ім. С. Вышалескага НАН РБ Вікторыя Зайцава займаецца вывучэннем грыба Fusariumsambucinum, які вырошчваецца ў пажыўных асяроддзях і ў будучыні можа быць выкарыстаны пры стварэнні прэпарата новага пакалення для павышэння прадукцыйнасці сельскагаспадарчых жывёл і птушак.
Тым не менш, за восем гадоў правядзення конкурсу ні адна з работ лаўрэатаў пакуль не была ўкаранёна ў вытворчасць.
— Гэта нельга назваць віной вучоных, — пракаментаваў намеснік старшыні камітэта эканомікі Віцебскага аблвыканкама Канстанцін Чорны, які прысутнічаў на цырымоніі ўзнагароджання. — У сённяшніх эканамічных умовах не заўсёды прадпрыемства здольнае падхапіць і прымяніць карысную навуковую распрацоўку, і яна застаецца на ўзроўні эксперыментальнага матэрыялу. Пытанне збліжэння тэорыі з практыкай зараз актыўна абмяркоўваецца. Яму быў прысвечаны і II з'езд вучоных Рэспублікі Беларусь пад эгідай кіраўніка дзяржавы. Без інавацый канкурэнтаздольнасці не будзе, мы гэта выдатна разумеем. Ва ўмовах адсутнасці рэсурсных запасаў галоўны козыр Беларусі — яе чалавечы патэнцыял, спецыялісты, кадры, распрацоўкі. Таму важна пераадолець разрыў, які ўтварыўся паміж універсітэтамі і вытворчасцю, стымуляваць рацыяналізатарскую дзейнасць у працоўных калектывах. Парадка 32% прамысловых прадпрыемстваў рэгіёна ўжо з'яўляюцца інавацыйна-актыўнымі. Гэта добры паказчык па рэспубліцы.
Узнагароджанне пераможцаў адбылося ў рамках Міжнароднага навукова-практычнага семінара на базе Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, у якім удзельнічалі прадстаўнікі навуковых колаў Беларусі, Расіі і Украіны.
Кацярына Князева, "Віцебскія весці"