Шснаццаць навукова-тэхналагічных паркаў плануецца стварыць у Беларусі
12 чэрвеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. У Беларусі плануецца стварыць 16 навукова-тэхналагічных паркаў ва ўсіх рэгіёнах, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях (Дзяржкамнавукі) Ігар Войтаў. Ён прымае ўдзел у рэспубліканскім семінары па пытаннях укаранення сучасных тэхналогій і абсталявання, інавацыйных рашэнняў для сістэмы водаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі Беларусі, які праходзіць у Віцебску.
Стварэнне навукова-тэхналагічных паркаў прадугледжваецца Дзяржаўнай праграмай інавацыйнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2007-2010 гады. У краіне ідзе фарміраванне тэрытарыяльнай інавацыйнай інфраструктуры. Ужо ўтворана 10 такіх навуковых тэхнапаркаў. Яны ствараюцца, перш за ўсё, у буйных навукова-вытворчых цэнтрах абласцей (у Віцебскай вобласці - гэта Віцебск і Полацк) на базе навучальных устаноў і прадпрыемстваў, што дазваляе выкарыстоўваць навуковы, тэхнічны, кадравы і вытворчы патэнцыял рэгіёнаў.
Па словах Ігара Войтава, менавіта ў спалучэнні навукі і вытворчасці можна атрымаць значны эканамічны эфект. Асноўныя задачы, якія плануецца вырашаць з дапамогай навукова-тэхналагічных паркаў, звязаны з распрацоўкай новых тэхналогій і ўкараненнем іх у вытворчасць.
У Віцебску прапрацоўваецца пытанне аб стварэнні такога навуковага тэхнапарка на базе ўнітарнага прадпрыемства "Полімерканструкцыя", якое займаецца распрацоўкай новых тэхналогій і тэхналагічных рашэнняў у галіне водаачысткі, а таксама вытворчасцю імпартазамяшчальнага абсталявання для водаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі. Укараненне біягенных тэхналогій ачысткі сцёкавых вод, распрацаваных на віцебскім прадпрыемстве, а таксама тэхналагічных рашэнняў у галіне праектавання сістэм водазабеспячэння, дазваляе не толькі эфектыўна вырашаць пытанні забеспячэння якаснай вадой жыхароў краіны, але і актыўна выходзіць на знешнія рынкі з айчыннымі тэхналогіямі, адзначыў намеснік старшыні Дзяржкамнавукі. Стварэнне навукова-тэхналагічнага парка на базе УП "Полімерканструкцыя" дасць магчымасць аб'яднаць намаганні навукоўцаў і практыкаў, уцягваць у інавацыйны працэс маладыя навуковыя кадры для вырашэння праблем развіцця жыллёва-камунальнай гаспадаркі краіны, дадаў ён.-0-