Шснаццаць тыпавых бізнес-планаў для сельскіх прадпрымальнікаў распрацаваны ў Віцебскай вобласці

8 ліпеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Тыпавыя бізнес-планы па 16 напрамках дзейнасці распрацаваны ў Віцебскай вобласці для падтрымкі прадпрымальніцкай ініцыятывы жыхароў сельскіх раёнаў. Аб гэтым сёння паведаміў начальнік упраўлення прадпрымальніцтва камітэта эканомікі Віцебскага аблвыканкама Валянцін Цвяткоў у ходзе круглага стала па пытаннях развіцця сельскага прадпрымальніцтва, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Свабодныя рынкавыя нішы для развіцця прадпрымальніцтва на вёсцы вызначаны па выніках маркетынгавага даследавання рэсурсавага патэнцыялу сельскіх рэгіёнаў. Па замове аблвыканкама даследаванне праведзена Віцебскім цэнтрам маркетынгу сумесна з прадстаўнікамі Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. У ходзе работы прааналізаваны стан малога прадпрымальніцтва ў рэгіёнах вобласці, а таксама выяўляліся запатрабаваныя віды дзейнасці з улікам розных фактараў, у тым ліку рэсурснага іх забеспячэння. "Часта ініцыятыўныя сельскія жыхары звяртаюцца да нас па дапамогу ў адкрыцці ўласнай справы, а вынікі даследавання дазваляюць нам пісьменна арыентаваць іх па найбольш актуальных для канкрэтнай мясцовасці відах бізнесу", - канстатаваў Валянцін Цвяткоў. Так, сярод прыярытэтных напрамкаў развіццё вытворчасці імпартазамяшчальнай прадукцыі, у тым ліку заснаванай на перапрацоўцы прадукцыі сельскай гаспадаркі і з выкарыстаннем мясцовых сыравінных рэсурсаў. Акрамя таго, для сельскіх прадпрымальнікаў перспектыўнымі бізнэсамі могуць стаць арганізацыя розных відаў паслуг - пракату, гасцінічнага бізнесу (стварэнне гасцявых дамоў), транспартных перавозак, фізкультурна-аздараўленчых і забаўляльных паслуг. Па выніках даследавання Віцебскі цэнтр маркетынгу выпусціў брашуры з агульнымі высновамі і рэкамендацыямі з улікам спецыфікі кожнага раёна вобласці. Матэрыялы перададзены ва ўсе гарадскія і раённыя выканкамы, дзе з імі могуць азнаёміцца ўсе жадаючыя пачаць уласную справу. Брашуры таксама ўтрымліваюць прыклады арганізацыі малых бізнэсаў і варыянты тыпавых бізнес-планаў. Праект выкананы ў рамках абласной праграмы падтрымкі малога прадпрымальніцтва. Па даных на 1 чэрвеня, усяго ў вобласці ажыццяўляюць дзейнасць звыш 36,8 тыс. суб'ектаў малога прадпрымальніцтва, у тым ліку амаль 7,5 тыс. юрыдычных асоб і каля 29,4 тыс. індывідуальных прадпрымальнікаў. Пры гэтым больш за 68,5% такіх суб'ектаў сканцэнтраваны ў буйных гарадах вобласці.-0-