Шырокае асваенне новых відаў прадукцыі дапаможа беларускім прадпрыемствам утрымаць свае пазіцыі - І.Дземідовіч
9 красавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Шырокае асваенне новых відаў прадукцыі дапаможа беларускім прамысловым прадпрыемствам устрымаць свае пазіцыі і знайсці новыя рынкі збыту. Аб гэтым заявіў першы намеснік міністра прамысловасці Беларусі Іван Дземідовіч сёння на пасяджэнні Віцебскага аблвыканкама, на якім разглядалася пытанне аб рэалізацыі ў вобласці Дырэктывы №3, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Уся новая прадукцыя ствараецца з улікам апошніх распрацовак у галіне энергазберажэння, а значыць, з'яўляецца больш канкурэнтаздольнай. Таму яе выпуску ўсе прадпрыемствы павінны надаваць павышаную ўвагу", - сказаў першы намеснік міністра.
У якасці прыкладу ён прывёў аршанскае станкабудаўнічае прадпрыемства РВУП "Чырвоны баец", дзе ўдзельная вага новай прадукцыі ў студзені-лютым склала 74% аб'ёму вытворчасці, а тэмп росту выпуску - 102% да такога ж перыяду мінулага года. "Гэта, вядома, нязначны рост. Але разам з тым за лёс гэтага прадпрыемства можна не хвалявацца: дзякуючы шырокаму асваенню новай прадукцыі яно паспяхова канкуруе з іншымі вытворцамі і знаходзіць новыя рынкі збыту", - падкрэсліў Іван Дземідовіч.
Значна палепшыў свае пазіцыі сярод прадпрыемстваў айчыннага машынабудавання і віцебскі завод "Вістан", адзначыў першы намеснік міністра.-0-