Школа маладых лідараў прыгранічных раёнаў Беларусі і Расіі сабрала ў Смаленску больш за 100 удзельнікаў
У межах форуму моладзь Віцебшчыны прыняла ўдзел у патрыятычнай акцыі «На славу агульнай Перамогі». Беларусам была перададзена капсула з зямлёй з месца пахавання Героя Савецкага Саюза Міхаіла Ягорава, які ўзвёў Сцяг Перамогі над рэйхстагам.
Заключным акордам мерапрыемства стала падпісанне Плана рэалізацыі сумеснай дзейнасці паміж маладзёжнымі арганізацыямі БРСМ і РСМ. Таксама было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Віцебскай абласной арганізацыяй БРСМ і Калінінградскай рэгіянальнай арганізацыяй РСМ.
– Школа маладых лідараў прымежных рэгіёнаў Беларусі і Расіі – унікальны праект, – падкрэсліў першы сакратар Віцебскага абласнога камітэта БРСМ Вячаслаў Хрол. – Наша галоўная мэта – кансалідаваць моладзь на карысныя справы, разам памятаць подзвіг дзядоў і прадзедаў, арганізоўваць праекты, патрэбныя для моладзі. Дасягнуты дамоўленасці аб правядзенні маладзёжнага адукацыйнага форуму на Кургане Дружбы ў Верхнядзвінскім раёне. Мы вырашылі крыху змяніць праграму і дадаць якасныя адукацыйныя складнікі, творчыя конкурсы і, вядома ж, спорт. У моладзі сёння трэнд на адукацыю, і мы гатовы яго ўсяляк падтрымліваць.