Школам Віцебскай вобласці неабходна 156 настаўнікаў замежнай мовы

15 лютага, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Школам Віцебскай вобласці неабходны 156 настаўнікаў замежнай мовы. Пра гэта сёння на пасяджэнні калегіі ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама паведаміў начальнік упраўлення Іван Шурок, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Нягледзячы на тое, што ў бягучым навучальным годзе агульнаадукацыйныя навучальныя ўстановы вобласці ўкамплектаваны кадрамі, існуе патрэба ў настаўніках замежнай мовы. У цяперашні час сярэдняя нагрузка на педагога складае 30 гадзін на тыдзень, многія працуюць на паўтары стаўкі. На думку Івана Шурка, хутка васпоўніць недахоп кадраў за кошт выпускнікоў ВНУ немагчыма, таму ён прапанаваў Віцебскаму дзяржуніверсітэту імя П.Машэрава арганізаваць навучанне па спецыяльнасці "Замежная мова" са скарочаным тэрмінам навучання для асоб, якія маюць вышэйшую педагагічную адукацыю. Станоўчы вопыт перападрыхтоўкі настаўнікаў у вобласці маецца. Яшчэ некалькі гадоў таму школы адчувалі дэфіцыт выкладчыкаў матэматыкі і фізікі. Тады на перападрыхтоўку ў акадэмію паслядыпломнай адукацыі і віцебскі ўніверсітэт накіроўваліся настаўнікі пачатковай школы. У цяперашні час недахоп гэтых кадраў васпоўнены. Недахоп спецыялістаў адчуваюць таксама дашкольныя ўстановы адукацыі. Дзіцячым садам патрэбны 136 выхавальнікаў. Акрамя таго, у агульнаадукацыйных школах 8,7% педагогаў - пенсійнага ўзросту, у дашкольных установах працуюць 7,4% пенсіянераў-выхавальнікаў. У 2011-2012 навучальным годзе ў школы вобласці прыйдуць 738 маладых настаўнікаў.-0-