Школе №46 Віцебска прысвояць імя маршала Івана Баграмяна

Сярэдняй школе №46 Віцебска будзе прысвоена імя двойчы Героя Савецкага Саюза маршала Івана Баграмяна, які, будучы камандуючым 1-м Прыбалтыйскім фронтам, вызваляў Беларусь, у тым ліку многія населеныя пункты Віцебскай вобласці. Пра гэта паведаміў журналістам старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў на пасяджэнні абласнога аргкамітэта па пытаннях падрыхтоўкі і правядзення святкавання 75-й гадавіны вызвалення Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Работа па прысваенні імя савецкага палкаводца віцебскай школе ідзе сумесна з пасольствам Арменіі ў Беларусі і Фондам развіцця і падтрымкі арменазнаўчых даследаванняў "АНІВ". "У рамках святкавання 75-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў сярэдняй школе №46 Віцебска будзе прысвоена імя маршала Івана Баграмяна. Мы чакаем на ўрачыстае мерапрыемства ўнука і ўнучку палкаводца", - адзначыў Уладзімір Цярэнцьеў. Ён падкрэсліў, што ў будучыні ва ўстанове адукацыі можа з'явіцца экспазіцыя пра Баграмяна, а затым і музей.

У маі 2018 года адкрылі памятны бюст двойчы Героя Савецкага Саюза маршала Івана Баграмяна ў Гарадку.

Сёння ў Віцебску прайшло пасяджэнне абласнога аргкамітэта па пытаннях падрыхтоўкі і правядзення святкавання 75-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у Вялікай Айчыннай вайне. Падчас яго спецыялісты абмеркавалі дапамогу ветэранам і падрыхтоўку да важнай даты. У Віцебскай вобласці на пачатак мая пражывалі 820 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, а таксама 3 837 чалавек, пацярпелых ад наступстваў вайны. У рэгіёне на ўліку знаходзіцца 1 488 воінскіх пахаванняў.