Школьнікі дапамогуць аднавіць стары парк у Шаркаўшчынскім раёне
Больш за 30 устаноў адукацыі краіны названы "Зялёнымі школамі", сярод іх чатыры школы – у Шаркаўшчынскім раёне. Нядаўна ім былі ўручаны дыпломы, якія пацвярджаюць высокі статус.
Сёння ў свеце налічваецца больш за 40 тысяч "Зялёных школ". Іх задача — прыцягнуць увагу дарослых і дзяцей да пытанняў экалагічнай асветы. Праграма "Зялёныя школы", якая ажыццяўляецца ў нашай краіне пры падтрымцы праекта ЕС/ПРААН, адобрана Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, а таксама Міністэрствам адукацыі ў якасці рэспубліканскага экалагічнага адукацыйнага праекта. Першымі ў ім узялі ўдзел навучальныя ўстановы Мастоўскага, Мёрскага, Шаркаўшчынскага і Кобрынскага раёнаў. На працягу трох гадоў педагогі і вучні Германовіцкай і Лужкаўскай СШ Шаркаўшчынскага раёна праводзілі даследаванні, назіранні, эксперыменты. Для гэтага каардынатары праекта прадаставілі ім неабходную метадычную літаратуру і інвентар. У 2012 годзе да праекта далучыліся сярэднія школы Шаркаўшчыны.
Школьнікам пры падтрымцы педагогаў прапанавалі выканаць заданні па актуальных напрамках: энергазберажэнне, водазберажэнне, біяразнастайнасць, абыходжанне з адходамі, а таксама правесці інфармацыйна-экалагічныя мерапрыемствы, напрыклад, акцыі, выставы, конкурсы. Хлопцы вывучалі структуру энергаспажывання ў жылых дамах, школах, аналізавалі крыніцы ўтварэння адходаў, вызначалі спосабы іх мінімізацыі і гэтак далей.
— Паспяховае выкананне пастаўленых задач дазволіла атрымаць запаветны статус "Зялёнай школы", — кажа настаўніца біялогіі і геаграфіі Германовіцкай СШ Марына Фёдарава. — Па-першае, гэта важна, прэстыжна, асабліва для сельскай навучальнай установы, па-другое, шмат да чаго нас абавязвае. Мы пастараемся і надалей прыкладаць максімум намаганняў да вывучэння, захавання навакольнай прыроды.
Сёлета падчас заняткаў вучні зрабілі сенсацыйнае адкрыццё: знайшлі павука-восу, які з'яўляецца гібрыдам дзвюх насякомых. Павук з чорна-жоўтымі палосамі на спіне характэрны для паўднёвых рэгіёнаў Беларусі. Якім чынам ён апынуўся на тэрыторыі Шаркаўшчынскага раёна? Школьнікі мяркуюць, што прычынай таму ўплыў глабальнага пацяплення.
— У нас створана школьнае лясніцтва "Чорны бусел", эколага-краязнаўчы гурток "Пралеска", арганізаваны факультатыў "Зялёныя школы", — працягвае Марына Фёдарава. — Маладыя экологи з дапамогай спецыяльнага абсталявання вывучаюць травяністыя і драўняныя віды раслін, а таксама насякомых і птушак, якіх можна сустрэць на прышкольнай тэрыторыі. Робім фотасправаздачы, збіраем гербарыі, пры афармленні інфармацыйных стэндаў выкарыстоўваем атрыманыя вынікі.
Марына Фёдарава наракае, што старшакласнікам не заўсёды хапае часу на правядзенне даследаванняў, затое актыўна ў працу ўключаюцца вучні іншых класаў, асабліва пачатковых. Напрыклад, сёлета дашкольнікі праводзілі дослед па вырошчванні белага грыба. Вынікі зробленай працы будуць вядомыя ўжо ў наступным годзе.
— У жыхароў нашага аграгарадка ёсць запаветная мара: адрадзіць пышнасць палацава-паркавага ансамбля XVIII стагоддзя, — адзначае настаўніца. - Жылы будынак захаваўся да нашых дзён, а вось старадаўні парк стаў неўпрыкметным. З-за адсутнасці фінансавых сродкаў не атрымлівалася рэалізаваць распрацаваны экалагічны праект. У жніўні 2013 года Шаркаўшчынскі раён далучыўся да праекта "Малыя рэкі – вялікія праблемы: працуем разам над абаронай і будучыняй малых рэк басейна ракі Дзісна". Справа зрушылася з мёртвай кропкі. У красавіку наступнага года прыступаем да аднаўленчых работ.
Дзіяна Берніковіч, "Віцебскія весці"