Школьнікі Шумілінскага раёна прадэманструюць навыкі хуткай зборкі ровараў

21 верасня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Ездзіць на веласіпедзе ўмеюць практычна ўсе, а вось сабраць гэты сродак для перамяшчэння з запчастак - не кожны. У Дзень без аўтамабіля школьнікі Шумілінскага раёна Віцебскай вобласці дакажуць, што яны з аднолькавым майстэрствам могуць і першае, і другое, расказала карэспандэнту БЕЛТА другі сакратар Шумілінскага райкама БРСМ Юлія Галуза. Удзельнікамі турніру "У пагоні за чыстым паветрам" стануць больш за 30 юнакоў з розных школ раёна. Выступаць хлопцы будуць у дзвюх катэгорыях: 14-16 гадоў і 17-18 гадоў. Першапачаткова ў парку ў Шуміліне ім трэба будзе прадэманстраваць фігурнае кіраванне веласіпедам і навыкі хуткаснай зборкі свайго "жалезнага каня", а затым паспаборнічаць у гонцы на 5 км. Пераможцы ў кожнай катэгорыі будуць адзначаны дыпломамі і прызамі. Арганізатарамі мерапрыемства выступаюць раённы камітэт БРСМ, аддзел прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і Шумілінскае аддзяленне ДАІ. Мерапрыемствы, прымеркаваныя да Дня без аўтамабіля, адбудуцца ва ўсіх раёнах вобласці. Іх галоўнай мэтай з'яўляецца папулярызацыя здаровага ладу жыцця, а таксама прыцягненне грамадскасці да праблем экалагічнай бяспекі. Нягледзячы на тое, што ў Віцебскай вобласці доля транспарту ў сумарных выкідах забруджвальных рэчываў складае 53%, а ў гарадах вагаецца ад 65 да 85%, за дзень у сярэднім у атмасферу выкідваецца 364 т забруджвальных рэчываў. Таму Віцебскі абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя заклікае ўсіх жыхароў рэгіёну 22 верасня не карыстацца сваімі аўтамабілямі, а хадзіць пешшу, перасесці на веласіпеды ці ў крайнім выпадку скарыстацца грамадскім транспартам. -0-