Школьнікі Віцебшчыны рыхтуюцца прадставіць вобласць на рэспубліканскім этапе прадметнай алімпіяды

Поспехаў і выдатных вынікаў на заключным этапе рэспубліканскай прадметнай алімпіяды старшакласнікам школ і гімназій Аршаншчыны пажадалі намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Церанцьеў, начальнік упраўлення адукацыі аблвыканкама Дзмітрый Хома і кіраўнік Аршанскага раёна Мікалай Лісоўскі.

11 таленавітых школьнікаў – дыпламанты I і II ступеняў трэцяга (абласнога) этапу – са сваімі настаўнікамі сабраліся ў гімназіі №1 Оршы, каб падзяліцца поспехамі і дасягненнямі, наладзіцца на перамогу і задаць пытанні, якія іх хвалююць, гасцям.

– Даўно стала традыцыяй ушаноўваць пераможцаў чацвёртага тура алімпіяд, – адзначыў Уладзімір Церанцьеў. – А бо важна падтрымаць дзяцей і тады, калі мы іх адпраўляем на самае цяжкае, заключнае выпрабаванне. Таму сёння сустракаемся з разумнікамі і разумніцамі, іх педагогамі, каб у першую чаргу падзякаваць за тыя вынікі, якія ўжо дасягнуты, за працу і стараннасць, а таксама падбадзёрыць, сказаць напутлівыя словы. У аршанцаў ёсць велізарны патэнцыял і перспектывы для атрымання высокіх вынікаў, тут таленавітыя дзеці і настаўнікі, выдатная матэрыяльна-тэхнічная база.

У гэтым госці ўстановы адукацыі пераканаліся падчас экскурсіі па класах з інтэрактыўным абсталяваннем, выпрабавалі на сабе магчымасці найноўшых тэхналогій у вывучэнні школьных

предметаў. Расказалі пра працэс падрыхтоўкі да алімпіяд дырэктары школ №3, 20, 17 і гімназіі №2. Менавіта на базе працуюць рэсурсныя цэнтры, дзе акумулюецца перадавы вопыт, дыдактычны, метадычны і практычны матэрыял, якім могуць скарыстацца ўсе педагогі рэгіёна. Вучні вышэйназваных гімназій і школ – пастаянныя пераможцы і прызёры раённых, абласных і рэспубліканскіх алімпіяд.

– У абласным туры алімпіяды прынялі ўдзел 79 вучняў школ і гімназій раёна па 15 прадметах, – расказаў начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Аршанскага райвыканкама Андрэй Загурскі. – Дыпламантамі сталі 37 рабят. Лепшыя вынікі дасягнуты па працоўным навучанні, біялогіі, геаграфіі, інфарматыцы, хіміі, беларускай мове і літаратуры. Хочацца пажадаць дзецям, якія ў складзе каманды Віцебскай вобласці днямі адправяцца ў розныя гарады нашай краіны для ўдзелу ў заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды, поспехаў, удачы і, як кажуць, ні пуху ні пяра!

 Прыкметна, што дыялог улады і школьнікаў праходзіў у цёплай сяброўскай абстаноўцы за чаяваннем. Менавіта гэты фармат як нельга лепш спрыяў абмеркаванню актуальных пытанняў, на якія ў першую чаргу трэба звярнуць увагу пры падрыхтоўцы да фіналу.

Вольга ЛЕБЕДЗЕВА. Фота аўтара. «Віцебскія вясці».