Школьнікі Віцебскай вобласці вучацца вырашаць вялікія праблемы малых рэк з дапамогай сучасных тэхналогій

Каля 80 школьнікаў з Глыбоцкага, Пастаўскага і Шаркаўшчынскага раёнаў Віцебскай вобласці прынялі ўдзел у рабоце школьнага экалагічнага лагера ў вёсцы Германовічы Шаркаўшчынскага раёна (Віцебская вобласць), паведамілі карэспандэнту БЕЛТА у мясцовым фондзе садзейнічання развіццю міжнароднага дыялогу і супрацоўніцтва "Інтэракцыя".

На працягу некалькіх дзён школьнікі вучыліся вызначаць хімічны склад вады ў малых рэках і асвойвалі інтэрнэт-тэхналогіі: размяшчалі даныя, атрыманыя падчас даследаванняў, на спецыяльным інтэрнэт-сайце геka-disna.org. Гэтая старонка ў інтэрнэце ўяўляе сабой інтэрактыўную карту малых рэк Глыбоцкага, Пастаўскага і Шаркаўшчынскага раёнаў. Над выявамі вадаёмаў знаходзяцца невялікія значкі: націснуўшы на іх, можна даведацца аб прысутнасці шкодных хімічных рэчываў у вадзе ці месцах назапашвання смецця. Члены школьных экалагічных клубаў будуць пастаянна абнаўляць інфармацыю на сайце. Для гэтага былі закуплены 15 планшэтаў, а адзін з аператараў сотавай сувязі прадаставіў столькі ж сім-карт з бясплатным выхадам у інтэрнэт.

У лагеры таксама прайшлі заняткі па будаўніцтве домікаў для птушкі гогаль, якая жыве на берагах малых рэк, а таксама майстар-класы па беражлівым выкарыстанні водных рэсурсаў, звароце з роварамі і складанні зялёных карт.

Лагер быў арганізаваны дзякуючы праекту "Малыя рэкі - вялікія праблемы", які фінансуецца Еўрапейскім саюзам. Яго галоўныя мэты - зацікавіць грамадзян, уключаючы самых юных, у прыродаахоўнай дзейнасці, стварыць умовы для супрацоўніцтва паміж экалагічнымі актывістамі і мясцовымі ўладамі.

Праект рэалізуецца фондам "Інтэракцыя", грамадскім аб'яднаннем "Прырода і мы" і раённымі выканаўчымі камітэтамі ў Глыбоцкім, Пастаўскім і Шаркаўшчынскім раёнах. У гэтых трох рэгіёнах з'явіліся 15 школьных экалагічных клубаў, дзе клапаціцца аб прыродзе роднага краю вучацца больш за 250 рабят 6-11 класаў. Найбольш актыўныя з іх, у тым ліку пераможцы рэспубліканскіх алімпіяд і канферэнцый, прыехалі ў Германовічы.

Наступнымі мерапрыемствамі праекта "Малыя рэкі - вялікія праблемы" стануць сумесныя маніторынгавыя візіты ўдзельнікаў экалагічнага лагера і прадстаўнікоў інспекцый прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя на некалькі малых рэк. Гэтыя візіты плануецца правесці ўжо ў пачатку жніўня 2014 года. Школьнікі змогуць замацаваць атрыманыя навыкі і веды, а сабраныя рабятамі дадзеныя будуць выкарыстоўвацца пры складанні пашпартоў малых рэк у Глыбоцкім, Пастаўскім і Шаркаўшчынскім раёнах. Раней падобныя дакументы распрацоўваліся толькі для буйных беларускіх вадаёмаў.

Алена Ціханава