Школьнікі Віцебскай вобласці заваявалі 34 дыпломы на рэспубліканскай алімпіядзе

Зборная каманда Віцебскай вобласці заваявала 34 дыпломы на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды сярод школьнікаў.

Сёлета фінальная частка інтэлектуальнага марафону праходзіла пазней звычайнага і ва ўрэзаным фармаце – толькі для 11-класнікаў. Але ўдзел для іх сапраўды важны – пераможцы маюць шэраг льгот пры паступленні ў ВНУ.

Паводле інфармацыі галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама, у фінале ўдзельнічалі 74 навучэнцы. Больш за ўсё дыпломаў заваявана па рускай мове (5), матэматыцы (4), інфарматыцы (4), беларускай мове (3). Лідэрамі алімпіяднага руху ў вобласці сёлета сталі віцебскія гімназіі №8 (6 дыпломаў), №2 (5), №1 імя Ж. Алфёрава (2), Полацкая дзяржаўная гімназія №1 імя Ф. Скарыны (5).

Варта адзначыць, што алімпіяды праходзілі ў розных гарадах краіны з максімальнымі мерамі эпідэміялагічнай бяспекі: дзеці жылі і харчаваліся індывідуальна, не было ўрачыстых мерапрыемстваў. Па некаторых прадметах, напрыклад, замежных мовах, скарацілі колькасць тураў, па фізічнай культуры не было спаборніцтваў у басейне.

"Віцебскія весці".