Школьныя кірмашы пройдуць па ўсёй Віцебшчыне 22 жніўня

Школьные базары пройдут по всей Витебщине 22 августа

Да пачатку новага навучальнага года засталося два тыдні. Бацькі, вярнуўшыся з адпачынкаў, спяшаюцца набыць усё, што спатрэбіцца іх дзецям у школе. Пры гэтым у многіх часу хадзіць па крамах не хапае. І тут на дапамогу дарослым прыходзяць школьныя кірмашы. Адзін з іх прайшоў у паўночнай сталіцы ў мінулую суботу. Прадпрыемствы Віцебска і вобласці, а таксама вядомыя гандлёвыя кампаніі з іншых рэгіёнаў Беларусі прадставілі шырокі выбар школьных тавараў – ад канцылярскіх прылад, ранцаў, заплечнікаў да школьнай і спартыўнай формы.

Зніжкі ад вытворцаў і гандлёвых арганізацый, асабліва на адзенне, прыцягнулі дастаткова шмат пакупнікоў. Мамы і бабулі раз за разам падносілі сваім школьнікам на прымерку элегантныя пінжакі, сарафаны і штаны. А багаты асартымент строгіх убораў дазваляў дзяўчынкам і хлопчыкам капрызіць у выбары.

Калі хтосьці яшчэ не паспеў сабраць дзіця да школы, зрабіць гэта хутка і з эканоміяй для сямейнага бюджэту можна і 22 жніўня. У гэты дзень школьныя базары пройдуць па ўсёй вобласці. Акрамя таго, 29 жніўня ў рэспубліцы запланаваны «Адзіны дзень зніжак», у якім возьмуць удзел і прыдзвінскія прадпрыемствы.

Таксама ўсё неабходнае для навучальнага працэсу жыхары Віцебшчыны могуць купіць і ў так званых кутках школьніка, якія арганізаваны ва ўсіх гандлёвых аб'ектах, што рэалізуюць нехарчовую прадукцыю, а таксама ў супер- і гіпермаркетах.

Алена ПЕТРАВА, «Віцебскія весці», фота аўтара.