Школьныя тавары ў гандлёвых арганізацыях Беларусі можна набыць са зніжкамі і ў растэрміноўку

11 жніўня, Мінск /Людміла Сац - БЕЛТА/. Школьныя адзенне і прыналежнасці ў большасці гандлёвых арганізацый Беларусі можна набыць са зніжкамі або з выкарыстаннем бяспрацэнтнага крэдыту. Аб гэтым паведаміла сёння журналістам начальнік упраўлення арганізацыі спажывецкага рынку няхарчовых тавараў Міністэрства гандлю Ніна Пашко, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Паводле яе слоў, у цяперашні час гандлёвыя арганізацыі праводзяць розныя акцыі, накіраваныя на павелічэнне аб'ёмаў рэалізацыі тавараў для школьнікаў. У прыватнасці, у сталічным ГУМе пры набыцці такіх тавараў на суму больш за Br300 тыс. грамадзяне могуць скарыстацца бяспрацэнтным крэдытам, гандлёвы дом "На Нямізе" прадае гэтыя тавары з 15% зніжкай, дадатковыя зніжкі дзейнічаюць у першую і апошнюю гадзіну працы магазіна. Асаблівыя ўмовы дзейнічаюць для шматдзетных сем'яў. Аналагічныя акцыі праходзяць і ў іншых магазінах беларускіх гарадоў, у тым ліку ў сельскай мясцовасці, бо ўзровень даходаў грамадзян на сяле значна ніжэйшы, чым у гарадах. Усяго на пачатак жніўня гандлёвыя арганізацыі Беларусі атрымалі больш за 500 тыс. штук вырабаў школьнага адзення, што на 6% больш, чым у 2008 годзе, больш за 260 тыс. трыкатажных вырабаў, 207 тыс. пар школьнага абутку. Пры гэтым, па словах Ніны Пашко, Мінгандаль у бягучым, крызісным годзе не прагназуе рэзкага падзення попыту на школьныя тавары. Яна таксама паведаміла, што сёлета чакаецца такі ж высокі ўзровень продажаў тавараў для школьнікаў, як і ў 2008-м. Ніна Пашко адзначыла, што ўсяго рэалізацыяй школьных тавараў у Беларусі займаецца больш за 7,5 тыс. гандлёвых аб'ектаў. З 15 ліпеня па ўсёй краіне разгорнуты школьныя базары, праведзена больш за 2 тыс. выставак-кірмашоў, дэманстрацый мадэляў адзення і абутку, адкрыты дадатковыя пункты продажу школьных тавараў. Акрамя таго, 22-30 жніўня, у перыяд найбольш актыўнага продажу гэтай прадукцыі, пройдзе выстаўка "Нашым дзецям", у рамках якой будзе арганізавана спецыялізаваная выстаўка "Добры дзень, школа!". -0-