Вучні Мазолаўскай школы атрымалі школьны аўтобус у рамках акцыі "Нашы дзеці"
У большасці выпадкаў прадстаўнікі ўлады напярэдадні святаў прымаюць удзел у навагодніх ранішніках, але ў аг. Мазалава гасцей запрасілі на ўшанаванне лепшых вучняў і педагогаў года прэміі «Шлях да поспеху».
– Вы сапраўды самыя лепшыя. Ад таго, якімі вы вырасцеце, залежыць наша будучыня, – звярнуўся да дзяцей Уладзімір Пянін і павіншаваў з надыходзячым Новым годам. Настаўнікам ён пажадаў поспехаў у працы, бо менавіта на іх ляжыць адказнасць за падрастаючае пакаленне і ўручыў дырэктару Мазалаўскай сярэдняй школы Сяргею Зубовічу ключы ад новага школьнага аўтобуса.
Шмат падарункаў установы адукацыі раёна атрымалі і ад мясцовай выканаўчай улады.
– Сёлета мы значна ўмацавалі матэрыяльна-тэхнічную базу. Набылі мікрааўтобус, 10 камплектаў камп’ютарных класаў, сем інтэрактыўных дошак, сем тэлевізараў, тэхналагічнае абсталяванне: халадзільнікі, электрапліты, жарочныя шафы, мэблю, спартыўны інвентар, музычную апаратуру на агульную суму амаль 300 тыс. рублёў і гэта толькі ў снежні. Усяго за мінулы год на аналагічныя мэты зрасходавана парадку на 700 тыс. руб. Гэта сур’ёзная падмога, наш уклад у развіццё і павышэнне якасці адукацыі, – падкрэсліў Генадзь Сабыніч і ўручыў сертыфікаты дырэктарам школ.
Асаблівую ўвагу ў рамках перадсвяточнага марафону дабра з боку дзяржавы – дзецям-сіротам, тым, хто па розных прычынах застаўся без бацькоўскага цяпла і клопату.
У мінулым годзе намаганнямі мясцовай улады і спонсараў у Мазалава быў адкрыты чацвёрты дзіцячы дом сямейнага тыпу. Вольга і Аляксей Пісецкія ўжо выхоўваюць шасцярых прыёмных і адно роднае дзіця, а днямі ў іх сям'і зноў будзе папаўненне – да дружнай і вясёлай кампаніі далучыцца 4-гадовы выхаванец Вялікалецчанскага дома.
Каб жыццё дзяцей стала яшчэ больш камфортным і цікавым, аблвыканкам дапамог набыць неабходную бытавую тэхніку, мэблю, спартыўны і турыстычны інвентар, а малым – салодкія падарункі, з раённага бюджэту выдзелены сродкі на набыццё стала для настольнага тэніса.